Адміністрацыя Гомельскай вобласці не мае сродкаў, каб правесці звычайную каналізацыю


У пасёлку «Юбілейны», які амаль у рысе Гомля, ёсць ветхае жытло, у якім людзі жывуць без газа і без прыбіральні нават на вуліцы! Чыноўнікі дзесяцігоддзямі ігнаруюць праблемы жыхароў так званых «баракаў». Што адбываецца ў пасёлку «Юбілейны» высвятляў Ян Вярбіцкі.

«Туалету няма ні грамадскага, у некаторых нават асабістага няма. Ходзім на вёдры».

Яно і не дзіва, калі з часу будоўлі – 1950-ты год – гэтых дамоў ні разу не рамантавалі. Жыхарка дому №4 Святлана Валасянкіна:

«У нас клапы, блыхі летам кусаюць. Дзеці малыя. Дах цячэ амаль ува ўсіх кватэрах».

Жыхары называюць свой дом проста – баракам. І ўсцяж вераць, што здолеюць дагрукацца да ўладаў. Жыхарка дому №4 Наталля Камарова:

«Будзем прасіць прэзідэнта. Ён, напэўна, і не бачыць, што ёсць такія трушчобы».

Дамы былі на балансе менскага трэсту «Белтрансбуд». На месцы яго рэпрэзентавалі спачатку цэнтральныя рамонтна-механічныя майстэрні, а цяпер – будаўніча-мантажны цягнік 716. Людзі спраўна плацілі за капітальны рамонт і тэхнічнае абслугоўванне, аднак ні рамонтаў, ні абслугоўвання не прыгадаюць.

«У нас вось разетка там у кухні ёсць, выбівае пробкі, калі ставім пральную машынку. Даводзіцца праз падаўжальнік цягнуць. МНС вось прыходзіла з месяцы два таму, паглядзела ўсё, сказала ўсталяваць толькі два пажарныя апавяшчальнікі ў залу і ў дзіцячы пакой», – кажа Віталь Камароў, жыхар дому №4.

Мы пастанавілі патэлефанаваць у ЦБМ-716, каб пачуць іхныя каментары наконт гэтай сітуацыі. Але пакуль шукалі нумар, высветлілі цікавы факт: з траўня 2018 года гэтая ўстанова перабывае ў працэсе ліквідацыі ў сувязі з неплацежаздольнасцю. І слухаўку яны, прадказальна, не здымаюць.

Гомельскі грамадскі актывіст Васіль Палякоў бачыць праблему абыякавасці мясцовых чыноўнікаў у сістэме вертыкалі ўлады:

«У Беларусі няма мясцовага самакіравання, усе праблемы людзей яны вось тут, на гэтым ніжэйшым узроўні. І калі існуе ў дзяржаве самакіраванне, то гэтыя праблемы вырашаюцца. Калі існуе вертыкаль, то ўсе праблемы не бачныя для вертыкалі. Вертыкаль робіць то, што ёй больш цікавае».

Вось так і атрымліваецца, што, калі інтарэсы чыноўнікаў ды грамадзянаў не супадаюць, людзі, якія жывуць у лядашчых дамах без газу і нават каналізацыі, вымушаныя спадзявацца толькі на кіраўніка краіны.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu