Ад каронавіруса і «зайчык» слабее

На каронавірус хварэюць не толькі людзі, але і гаспадарка, і фінансавая сістэма. Беларускі рубель зноўку істотна губляе пазіцыі адносна долара і еўра, хаця і ўзмацняецца датычна расейскага. Эксперты тлумачаць гэта агульным эканамічным спадам, які наклаўся на застарэлыя праблемы планавай эканомікі, скіраванай на Ўсход.

Прыгажэйшае – даражэйшае, а што заганнае, тое таннае. Беларусы сталі больш купляць долараў і еўраў і менш – расейскіх рублёў. На Беларускай валютна-фондавай біржы новыя рэкорды: за $ 1 даюць ужо 2,44 рублі, за 1 еўра – 2,68, але за 100 «драўляных» – толькі тры «зайчыкі» і 19 капеек. Чаму такія скачкі – па 2–3 % за дзень? Мо каронавірус укусіў? Вось што думаюць жыхары і госці Менску:

«Долар паўсюль [так сябе паводзіць], трохі каронавірус прыціснуў. А так найбольш усё ідзе з-за Аляксандра Рыгоравіча [Лукашэнкі]».

«І курс даляра, і актыўнасць у крамах насельніцтва звязаная з панікай. Людзі не ведаюць, што рабіць».

«Гэта з курсам расейскага рубля хутчэй звязана, з падзеннем нафты. Бо эканомікі завязаныя нашыя. Каронавірус нас яшчэ не чапаў».

«Калі будзе падаць расейскі рубель, будзе падаць і беларускі, і курс долара будзе павялічвацца».

Сапраўды, з-за арыентацыі экспарту на Расею беларускі «зайчык» завальваецца ўслед за расейскім рублём, які абрынаецца ад падзення коштаў на нафту, кажа старшы аналітык «Alpаri» Вадзім Іосуб. А нафта цяпер каштуе капейкі: па $ 25 за барэль, бо каронавірус спыніў пасажырскі трафік ды запаволіў эканоміку глабальна. З аднаго боку, гэта дапамагло Беларусі загрузіць НПЗ сыравінаю праз парты Літвы ды Украіны. З іншага, нізкі сусветны попыт на паліва звужае плынь валюты. У прорву абваліўся і экспарт калійных угнаенняў.

«У нас дагэтуль няма кантракту з Кітаем, гэта адзін з найбуйнейшых нашых пакупнікоў. Няма з мінулага лета. А цяпер, ва ўмовах каронавіруса, надзеі на яго заключэнне падаюць», – нагадвае Вадзім Іосуб.

У Венскім інстытуце міжнародных эканамічных даследаванняў (WIIW) прагназуюць, што сёлета эканомікі Беларусі ды Расеі чакае рэцэсія – запавольванне росту або некрытычны спад. Цытата:

«Самыя песімістычныя прагнозы будуць самымі аптымістычнымі».

Пакуль няясна, як доўга прадоўжыцца пандэмія і выкліканыя ёй глабальныя эканамічныя праблемы, але розныя дзяржавы будуць выходзіць з крызісу з рознаю хуткасцю, падкрэслівае Вадзім Іосуб:

«Хутчэй за ўсё, у выйгрышы – глабальна – застануцца тыя краіны, якія цэняць людзей, чалавечае жыццё, а не ставяць у нарожны кут працэнты па ВУП».

Хто цяпер не мае праблемаў з экспартам прадукцыі, дык гэта беларуская лёгкая прамысловасць. Маскі – дэфіцытны тавар як у нас, так і ў суседзяў.

«Асноўныя пастаўкі ідуць на беларускі рынак для абароны насельніцтва, але існуюць і замовы ў краіны Еўразвязу, канкрэтна ў Польшчу, а таксама ў Турцыю», – распавядае Вольга Грынеўская, дырэктарка продажаў баранавіцкай фабрыкі «Блакіт».

Аляксандр Лукашэнка кажа: няма дэфіцыту, ёсць магчымасць зарабіць валюту:

«Мы зарыентавалі лёгпрам, пашылі мільён масак. Пашылі – дзяваць няма куды… Трэба разварочвацца: у Германіі не хапае спецадзення, масак. Трэба прадаць іх, калі на іх ёсць попыт».

Ці кажа праўду кіраўнік дзяржавы, можа спраўдзіць кожны грамадзянін. Дастаткова пайсці ў аптэкі гораду і паспрабаваць купіць медычную маску.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама