Абарона Курапатаў – грамадскасць перамагла?


Адной рукой караюць, другой – спрабуюць залагодзіць. Сталічныя ўлады паабяцалі абаронцам Курапатаў ужо заўтра сустрэчу са старшынём Менгарвыканкаму Андрэем Шорцам. Пра гэта паведаміў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. Адначасова мемарыялізацыяй Курапатаў нечакана зацікавіліся і дзяржаўныя медыі.

Кіна не будзе?

Цэглу і будаўнічыя матэрыялы з агароджанага месца ў Курапатах вывозяць, у лагеры абаронцаў на дзявяты дзень яго існавання – зацішша.

«Зараз сітуацыя яшчэ больш пазітыўная: мы пʼем гарбату і глядзім як хлопцы працуюць, яны робяць працу за нас, выгружаюць усе», – сведчыць абаронца Курапатаў Яўген Бойка.

Старшыня Менгарвыканкаму сустрэніцца з актывістамі

Сёння для спадзеваў на адмену будаўніцтва бізнес-цэнтру каля Курапатаў, на тэрыторыі, якая яшчэ нядаўна была ахоўнаю зонай, больш прычынаў: старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац пагадзіўся на сустрэчу з абаронцамі Курапатаў. Сустрэча, удзел у якой возьмуць сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, журналіст Марат Гаравы, прадстаўнік мясцовых жыхароў Юрый Сцепанішчаў ды Аляксей Янукевіч з Беларускага Народнага Фронту, адбудзецца заўтра зранку.

«Разам, камандай, мы будзем ставіць пытанне пра спыненне будоўлі – раз, пра захаванне ахоўных зонаў у межах 2003 г, і ўрэшце рэшт пра тое, каб грамадскасць разам з дзяржавай змагла працягваць мемарыялізацыю Курапатаў», – зазначыў Павал Севярынец.

Лінія партыі – за Курапаты!

За мемарыялізацыю ўрочышча днямі нечакана выказаўся і галоўны рэдактар галоўнай праўладнай газеты Павел Якубовіч.

«Мы зарганізуем шырокае інфармаванне грамадскасці. Далей, мне здаецца, трэба абвесціць дабрачынную акцыю для збору сродкаў. Наступны крок – падключыць як мага больш ахвотных да распрацоўкі памятнага знаку», – здзівіў гледачоў спадар Якубовіч.

Апроч таго, БТ анансавала спецпраект, прысвечаны Курапатам Хоць дзяржаўныя медыі не асвятлялі і не асвятляюць пратэсту супраць будоўлі, да якога далучаюцца ўсё больш людзей, у той ці іншай форме.

«Быў сёння такі цікавы момант: падʼехаў чалавек на машыне, вось там, каля брамы пасадзіў моўчкі ялінку – ні да кога не падыходзіў, нікому нічога не казаў. Пасадзіў і зʼехаў», – узгадвае актывіст Валер Бычкоўскі.

Заўтра ў Менгарвыканкам перададуць подпісы за спыненне будоўлі ў Курапатах. Ужо цяпер у чыноўнікаў з выканаўчага камітэту ёсць зварот актывістаў з пералікам парушэнняў, якія, на іхную думку, дапушчаныя пры пабудове, ды звароты эколагаў і мясцовых жыхароў.

Марына Вашкевіч, «Белсат», фота: svaboda.org