Аб прэзідэнцкіх амбіцыях заявілі каля дзясятка чалавек, чакаецца больш


Згарнуць «Народнае галасаванне» і распачаць кампанію «Беларусь без дыктатуры» пастанавілі ўдзельнікі праймерыз – ініцыятывы дзеля вылучэння адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазіцыі.

«Мы бачым, як сітуацыя накаляецца: як Лукашэнка рэпрэсуе журналістаў, блогераў, людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. І гэта сведчыць пра тое, што ён ні з кім гандлявацца не будзе: ён выбраў жорсткі сцэнар. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што захапіў уладу і чарговы раз сябе пераназначыць. Мы казалі і дагэтуль, што выбары не былі для нас інструментам электаральнай перамогі», – кажа ўдзельніца праймерыз Вольга Кавалькова.

Гэтак, трое ўдзельнікаў «Народнага галасавання» – Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў і Юрась Губарэвіч – кожны зарэгіструюць сваю ініцыятыўную групу. Але ўдзельнікі навастворанай кампаніі «Беларусь без дыктатуры» не ставяць за мэту збор подпісаў.

«Мы завяршылі кампанію праймерыз, не вызначыўшы адзінага кандыдата, але гэта, напэўна, ужо і не так істотна. Бо прызначэнне выбараў на больш ранні тэрмін і збор подпісаў падчас пандэміі пазбаўляе ўсіх без выключэння, у тым ліку Аляксандра Лукашэнку, магчымасці сабраць сто тысяч подпісаў. Ён сабе намалюе і таксама сваім «супернікам», якіх пажадае пабачыць – таксама залічыць іхныя копіі. А ўсе астатнія хіба скарыстаюцца магчымасцю выстаўлення пікетаў», – паведаміў старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Гэтак, пра намер рэгістраваць ініцыятыўныя групы ўжо заявілі такія патэнцыйныя ўдзельнікі кампаніі, як блогер Сяргей Ціханоўскі, былая дэпутатка Ганна Канапацкая, старшыня ЛДПР Алег Гайдукевіч, першы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала – агулам каля дзесяці чалавек. «Выбары дзеля выбараў – гэта не пра нас», – заяўляюць прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, старшыня якой Сяргей Чэрачэнь збіраецца не толькі агітаваць, але і перамагаць у прэзідэнцкай кампаніі.

«У нас усё гатова да таго, каб прыняць удзел у выбарах. У нас прафесійна працуе штаб, сабраная ініцыятыўная група, распрацаваная праграма, з якой можна пазнаёміцца. Не бачу перашкодаў, каб удзельнічаць у выбарах», – паведаміў прадстаўнік БСДГ Алег Чумакоў.

Рашучы сабраць сто тысяч подпісаў і на роўных удзельнічаць у прэзідэнцкай выбарчай гонцы і сустаршыня грамадскай арганізацыі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

«Мы рыхтаваліся да гэтай кампаніі апошнія пяць гадоў – з моманту 2015 года, калі мы выстаўлялі кандыдатам Таццяну Караткевіч, якая сабрала мільён галасоў, збіралі падтрымку. На сённяшні дзень мы гатовыя ісці ў гэтую кампанію нягледзячы на тыя перашкоды, якія сёння маюць усе: перадусім – пандэмія каронавіруса», – заявіў сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

Менш аптымістычна хаду галоўнай палітычнай падзеі пяцігоддзя і прагназуюць адмыслоўцы: у сапраўднасці не дзесяць, а мізэрная колькасць кандыдатаў складуць фон для дамінуючага ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі.

«Кожную выбарчую кампанію такія людзі зʼяўляюцца. Ёсць проста дзівакі, якія падаюць ініцыятыўныя групы з аднаго-двух кандыдатаў. Не забываем таксама і пра такога кандыдата, як «Кот Барсік». Гэта такія карнавальныя элементы выбарчай кампаніі. Што датычыць сурёзных кандыдатаў, то на дадзены момант не відаць ніводнага не тое што кандыдата – нават ніводнай выбарчай ініцыятывы ці стратэгічнага цэнтру, які б прыцягваў увагу як сапраўды арыентаваны на перамогу», – мяркуе палітолаг Юры Чавусаў.

На рэгістрацыю ініцыятыўных групаў для збору подпісаў патэнцыйным удзельнікам кампаніі засталося менш за пяць дзён.

Галіна Абакунчык, «Белсат»