80 гадоў таму пачаўся вялікі тэрор Сталіна


Адзін з самых страшных дакументаў у гісторыі чалавецтва: сакрэтны загад НКВД № 00447. Менавіта ён даў пачатак Вялікаму тэрору – самай трагічнай старонцы сталіншчыны.

«Гэты загад быў адказам НКВД на рашэнне Палітбюро, якое было прынятае 2 ліпеня за подпісам Сталіна», – распавёў гісторык Зміцер Дрозд.

16 ліпеня 1937 года Іосіф Сталін асабіста ўзначаліў нараду, падчас якой абмеркавалі дэталі буйных чыстак у кожнай сферы ад партыйнай наменклатуры да сялянства. Быў загад: усюды шукаць ворагаў. Былі ўсталяваныя і адмысловыя ліміты. Пасля іх паступова павялічвалі. Былыя «кулакі», сябры антысавецкіх партыяў, удзельнікі шпіёнскіх фармаванняў, трацкісты і царкоўнікі – гэта толькі некаторыя катэгорыі гэтак званай мэтавай групы.

Назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю словы кіраўніка НКВД Мікалая Яжова

«Калі падчас гэтай аперацыі будзе расстраляная лішняя тысяча людзей – бяды ў гэтым зусім няма. Дзейнічайце смялей, пасадзіце, а пасля разбярыцеся».

Крывавая машына рушыла. Першыя масавыя расстрэлы адбыліся пад Ленінградам і Масквою. Неўзабаве хваля тэрору ахапіла ўвесь СССР. Тысячы смяротных прысудаў штодня выносілі гэтак званыя тройкі НКВД. Рабілі гэта хутка, нярэдка без саміх падсудных і абароны.

Агулам са жніўня 1937 года да лістапада 38-га, паводле розных звестак, асудзілі больш за 1 340 000 чалавек, палову з іх расстралялі.

Частка гісторыкаў лічыць, што гэтая лічба значна большая

Нават і афіцыйная статыстыка падаецца жахлівая, калі ўзяць пад увагу, што з 800 000 закатаваных за ўвесь час сталінскіх рэпрэсіяў звыш 680 000 тысячаў расстралялі ў перыяд Вялікага тэрору. Паводле гісторыкаў, зверствы НКВД былі скіраваныя на знішчэнне цэлых нацыяў. Да прыкладу, у Беларусі за перыяд 1937-38-х гадоў былі забітыя самыя выбітныя прадстаўнікі народу: пісьменнікі, дзеячы культуры.

Сёння не названыя ўсе ахвяры Вялікага тэрору

У некаторых постсавецкіх краінах сваякі загінулых не маюць магчымасці даведацца праўду. Да прыкладу, у Расеі і Беларусі архівы з дакументамі працэсаў шчыльна закрытыя.

«Тое, што спецслужбы хаваюць гэтую інфармацыю сведчыць пра тое, што яны лічаць сябе спадкаемцамі НКВД. Насамрэч трэба было адкрыць архівы, сказаць, што гэта была не нашая краіна, мы не маем ніякага дачынення да рэпрэсіяў«, – мяркуе Зміцер Дрозд.

Гісторыкі і сёння спрачаюцца, што да агульнай лічбы пацярпелых ад сталінскіх рэпрэсіяў. Некаторыя кажуць нават пра трыццаць дзевяць мільёнаў чалавек. Апроч расстрэлаў, сем мільёнаў жыхароў СССР памерлі ад голаду.

Ян Бабіцкі, «Белсат»