80 гадавіна Катыні: Масква і КДБ дагэтуль не раскрываюць імёнаў забітых


Увесну 1940 года па пастанове Палітбюро на загад Сталіна працаўнікі НКУС расстралялі 21 857 грамадзянаў Польшчы на тэрыторыі Савецкага Саюзу. Значную частку расстрэлаў правялі ў Катынскім лесе пад Смаленскам. Тут расстралялі 4421 асобу. Некаторыя гісторыкі мяркуюць: кожны трэці з расстраляных быў нарадзінцам беларускай зямлі.

У Катынскі лес людзей звазілі сотнямі – уначы і пад раніцу, стралялі ў патыліцу. Савецкая зброя хутка награвалася і давала асечкі, а таму часта НКУСаўцы выкарыстоўвалі больш надзейныя нямецкія вальтэры. Нямецкія кулі, знойдзеныя ў лесе, доўга мацавалі версію савецкіх гісторыкаў пра «нацысцкі след» злачынства. І хоць у 1990 годзе Масква прызнала масавыя забойствы за Савецкім Саюзам, стаўленне яе да трагедыі дагэтуль застаецца дваякім, кажа гісторык Аляксандр Гурʼянаў (Масква):

«Адмаўляецца праверыць не толькі палітычны матыў гэтага злачынства, як патрабуецца паводле дзейнага расейскага заканадаўства «Аб рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў», адмаўляецца прызнаць сам факт гібелі любога пайменна названага чалавека!»

Расстрэлы чыніліся і на сённяшніх тэрыторыях Украіны і Беларусі. Кіеў адкрыў свае архівы. Беларускі катынскі спіс з імёнамі 3870 жаўнераў польскага войска, гэтак жа, як і расейскі, дагэтуль застаецца пад замком КДБ. Гісторык Ігар Кузняцоў адзначае:

«Па катынскай справе налічваецца 164 тамы. 84 тамы Крымінальнага кодэксу па гэтай справе ўтрымліваюць дакументы пад грыфам «сакрэтна». Польскі бок знаёмілі вось з тымі справамі, дзе не было сакрэтных дакументаў. Нават Расея не рассакрэціла гэтыя дакументы ў поўным абʼёме».

На запыт польскіх журналістаў у 2010 годзе Лукашэнка паабяцаў асабіста заняцца «беларускім катынскім спісам», але праз год заявіў, што, цытата, «ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі расстраляна не было».

«Польскія калегі ўжо выявілі 98 прозвішчаў з гэтага спісу, Цэнтр польска-расейскага дыялогу і згоды называе блізу 500 прозвішчаў. Прычым сем’і іх, як і ўсе сем’і афіцэраў Польскай арміі, былі дэпартаваныя ў Казахстан і Заходнюю Сібір», – працягвае спадар Кузняцоў.

Яшчэ адзін гісторык, Зміцер Дрозд, мяркуе:

«Што тычыцца Лукашэнкі, то ў яго толькі адзін жах: жах, што ён прызнае расстрэлы, пакажуць дакументы, а пасля могуць быць нейкія матэрыяльныя іскі».

Раздзел пра катынскае злачынства ў 2013–14 гадах цалкам знікае са школьнай праграмы. Тэма Катыні больш не згадваецца ў беларускіх падручніках. Урочышча Курапаты, што пад Менскам, – найбольш вядомае з месцаў масавых сталінскіх расстрэлаў на тэрыторыі Беларусі. На думку гісторыкаў, тут могуць ляжаць і ахвяры з беларускага катынскага спісу. Ушанаваць іхную памяць вось да гэтай магілы прыходзяць як палякі, гэтак і беларусы.

Таццяна Уласенка, «Белсат»