8 сакавіка? Некалькі лічбаў пра сітуацыю беларусак


Паводле статыстыкі, сярэдні заробак жанчыны ў Беларусі складае прыкладна тры чвэрці мужчынскага. Ілюстратыўнае фота – Сяргей Севасцьянаў / ТАСС / Forum

Анастасія Русецкая пашукала адказы, ці атрымалася ў беларусак дасягнуць пастаўленых больш за сто гадоў таму Кларай Цэткін мэтаў.

Кветкі, цукеркі, карпаратывы і даволі стандартныя віншаванні – неяк так, за доўгія савецкія гады і сучасны беларускі перыяд мы прызвычаіліся святкаваць Міжнародны жаночы дзень.

«Я адчуваю сябе асабліва жанчынай у гэты дзень. Адчуваю жанчынай не толькі 8 сакавіка. Але кветкі ля метро надаюць нейкі настрой!», – кажа жыхарка Менску.

Аднак свята гэта паўстала як дзень барацьбы за роўнасць правоў мужчын і жанчын. 110 гадоў таму ў Капэнгагене на канферэнцыі жанчын-сацыялістак на прапанову Клары Цэткін пастанавілі святкаваць Міжнародны жаночы дзень. Пазней яго прымеркавалі да гадавіны дэманстрацыі працаўніц нью-ёркскіх прадпрыемстваў 8 сакавіка 1857 года.

Першапачатковаю мэтаю свята была барацьба за эканамічную, палітычную і сацыяльную роўнасць жанчын. Што ж маем цяпер? З якімі праблемамі сутыкаюцца кабеты ў сучасным грамадстве?

Жыхаркі Менску распавядаюць:

«У цябе маленькае дзіця – адназначна вам адмаўляюць. Адназначна. Гэта бальнічныя, садкі, дзіця будзе хварэць. Вельмі цяжка жанчыне ўладкавацца на працу з маленькім дзіцем».

«Калі адзін і той жа правільны адказ дае студэнт мужчынскага і жаночага полу, то пахвалы нашмат больш атрымае студэнт мужчынскага полу».

«На самай справе сёння жанчыны займаюць кіроўныя пасады і ўсё залежыць ад чалавека».

«Мае знаёмыя пакутавалі ад хатняга гвалту ў асобе мужчынаў. Яны звярталіся ў праваахоўныя органы ў міліцыю. Тыя казалі, што разбяруцца, але ў выніку нічога не рабілі».

«Хлопцам часцей даюць шанец хутчэй зарабіць, атрымаць павышэнне».

Існаванне дыскрымінацыі пацвярджаюць і лічбы. Зарабляюць кабеты па-ранейшаму менш за мужчынаў. Паводле статыстыкі, сярэдні заробак жанчыны ў Беларусі складае прыкладна тры чвэрці мужчынскага.

«Шкляная столь – гэта, на жаль, не міф, гэта рэальнасць і гэта датычыць і Беларусі таксама. Жанчын не прасоўваюць, ім адмаўляюць у працы, бо баяцца, што жанчына можа выйсці ў дэкрэт, зацяжараць», – дадае куратарка праекту «Спыні гвалт» Саша Сакалова.

Ад хатняга гвалту ў Беларусі пакутуе кожная трэцяя, і гэта жудасныя лічбы, кажа актывістка.

«У нас у Беларусі няма закону, які абараняе пацярпелых ад хатняга гвалту. І толькі сіламі актывістак гэты закон прасоўваецца. Збіраюцца подпісы пад петыцыяй аб прыняцці закону», – дадае яна.

Адмыслоўца адзначае таксама існаванне гэтак званых падвойных зменаў, калі пасля працоўнага дня кабеты завіхаюцца па гаспадарцы. І гэтая праца не ўлічваецца і не аплочваецца.

Рэпартаж Анастасіі Русецкай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 8 сакавіка