77 гадоў таму нацысты знішчылі звыш тысячы габрэяў у Бешанковічах


Пра трагедыю тысячы жыхароў мястэчка на Віцебшчыне нагадвае толькі помнік. Сёння, як штогод 11-га лютага, расстраляных бешанковіцкіх габрэяў ушанавалі малітвай і роздумам.

«Пакуль мы жывыя, пакуль мы захоўваем гэтую памяць, гэтыя людзі з намі, гэтыя людзі таксама жывыя…», – кажа Ганна Клімовіч, валанцёрка, Санкт-Пецярбург.

Людзі, якіх раніцаю 11-га лютага 1942-га года гітлераўцы вышуквалі па дамах і выганялі на вуліцу. У гэты дзень нацысты знішчылі звыш тысячы бешанковіцкіх габрэяў. Станіслаў Леаненка, краязнаўца:

«Проста іх збіралі нейкімі групамі, зганялі да Святаільінскай царквы. І потым пераганялі сюды, па лёдзе Дзвіны. Тут іх распраналі, і здзяйсняўся расстрэл. Цэлы дзень тут быў гвалт, крык, страшныя падзеі адбываліся».

Габрэйскае жыццё, якое стагоддзямі натуральна цякло ў мястэчку, спынілася за адзін дзень. І фактычна не вярнулася ўжо ў Бешанковічы. Міхаіл Саламінскі, Віцебск:

«Задача нашага маладога пакалення – не толькі ведаць пра тое, што было, але і памятаць. Каб гэта злачынства, што адбылося, больш ніколі нідзе не паўтарылася».

Матэрыяльны сімвал забойства мясцовых габрэяў – помнік з надпісам на расейскай мове ды ідыш. Пасля некалькіх дзесяцігоддзяў, на ўгодкі зверскага расстрэлу, сюды прыязджаюць нашчадкі загінулых, якія захоўваюць памяць пра страшныя падзеі Другой сусветнай вайны. Ганна Клімовіч, валанцёрка, Санкт-Пецярбург:

«Проста ўспомніць той смутны дзень і сказаць словы памяці, прачытаць малітву ў памяць пра тых, хто тут застаўся».

Нягледзячы на смяротную рызыку, жыхары Бешанковічаў хавалі сваіх суседзяў-габрэяў. Мікалай і Ганна Перагуды за ратаванне сям’і Нямцовых уганараваныя званнем «Праведнік народаў свету» ад ізраільскага Мемарыяльнага комплексу «Яд ва-Шэм».

Ганна Мордань, belsat.eu