76 гадоў таму ліквідавалі Гарадзенскае гета, у якім забілі каля 20 000 габрэяў

Больш за палову насельніцтва даваеннай Горадні складалі габрэі. Гета – а іх у горадзе было два – немцы стварылі падчас акупацыі ў 41-ым. Агулам за тры гады праз «тэрыторыі прымусовага пражывання» прайшлі каля сарака дзвюх тысяч габрэяў, з якіх больш як 20 тысячаў загінулі.

Барыс Квяткоўскі, старшыня габрэйскай грамады Горадні: «Вышкі, калючы дрот, сабакі, аўтаматчыкі. Для застрашвання рабілася ўсё, для таго, каб людзі страцілі чалавечае аблічча, не спадзяваліся ні на якія вызваленні, ніякую магчымасць супраціву».

Памятаць пра падзеі таго часу варта і сёння, бо гісторыя мае ўласцівасць паўтарацца, адзначаюць тыя, хто прайшоўся сёння маршам памяці аб забітых.

Яўген Калодзін, Асацыяцыя юдэйска-хрысціянскага дыялогу: «Я рады таму, што пяты год запар здзяйсняецца такі марш і розныя групы гарадзенцаў ды гасцей гораду далучаюцца».

Памяць здолела аб’яднаць не олькі гарадзенцаў, але і гасцей з Ізраілю, Польшчы, Нямеччыны ды іншых краінаў свету. Дарэчы, арганізоўвалі памятную акцыю не ўлады, а мясцовы культурна-асветніцкі дабрачынны фонд «Кіслеў». Вялікая роля ў акцыі памяці дастАлася ўдзельнікам фрык-тэатру «Гексаген». Акторы на некалькі гадзінаў перанялІ вобраз вязняў, зладзіўшы ў такім выглядзе вялікую экскурсію па асноўных месцах гарадзенскага гета.

Васіль Калач, фрык-тэатр «Гексаген»: «У тых, хто жыве ў Горадні, вельмі многа звязана і з гэтымі вуліцамі, і з гэтым гета. Гэта наш горад, гэта нашая гісторыя і нам не ўсё роўна».

Скончылася акцыя памяці ў гарадзенскай харальнай сінагозе памятным канцэртам і адкрыццём дзвюх выставаў.

Айцец Андрэй Крот, грэка-каталіцкі святар: «Габрэйскі народ даў шмат і беларускай культуры. Таму мы памятаем усіх тых, хто загінуў падчас вайны і ў тым ліку падчас знішчэння гарадзенскага гета, каб такая трагедыя не паўтарылася ды не быў знішчаны ані габрэйскі, ані беларускі, ані які іншы народ. А тая разнастайнасць культураў і багацце народаў засталіся назаўсёды ўва ўсім свеце».

А таму і падобныя акцыі памяці працягнуць ладзіць штогод.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама