50 гадоў Прыпяці: жыхары вярнуліся ў горад-здань

Паўвекавы юбілей адзначыла Прыпяць – горад, якому не наканавана было дажыць нават да ўласнага 18-годдзя. У 1986-м, калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, адсюль вывезлі людзей, «перадаўшы» памяшканні ды рэчы ў «карыстанне» марадзёрам, часу і радыяцыі. Гэты юбілей – першая не жалобная дата, калі горад наведваюць былыя жыхары разам з турыстамі з розных краінаў свету.

Горад, для якога ў 80-ыя, здавалася б, усё толькі пачыналася, але тады ж раптоўна абарвалася, святкуе свой 50-ы дзень нараджэння і сустракае гасцей – як старых знаёмых, гэтак і зусім новых наведнікаў.

Горад-прывід Прыпяць – абавязковы пункт на карце «цёмных» турыстаў: вандроўнікаў, якіх прыцягвае страшнае мінулае аб’ектаў, прысмак катастрофаў і смерцяў. Мода на гэтак званы «цёмны турызм» падаграваецца фільмамі ды тэлесерыяламі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Мы прыехалі ва Украіну, бо ў нас вакацыі. Гэта надзвычай цікавае месца, да таго ж мы паглядзелі серыял «Чарнобыль», і гэта была адная з прычынаў прыехаць», – распавядае Марэк, студэнт з Чэхіі.

Сэбастʼян, біёлаг з Швейцарыі, кажа:

«Увогуле мы былі ў курсе таго, як і што тут выглядае, бо паглядзелі шмат дакументальных фільмаў. Я люблю рабіць фота на стужку і ведаў, што тут убачу. Мае чаканні апраўдаліся. Аднак усё роўна я пад уражаннем».

Але сёння ў мёртвым горадзе замежныя вандроўнікі сустракаюць жывых жыхароў – тых, каго ў 86-м, пасля аварыі, адсялілі з Прыпяці ў Славуціч. Вяртанне ў вымерлы горад для іх – вяртанне ва ўласнае мінулае, калі ўсё тут яшчэ было каляровым. Колішняя жыхарка Прыпяці, а цяпер – Славуцічу Валянціна Дзямідава распавядае:

«Прыпяць – горад майго дзяцінства. Мяне прывезлі сюды ў 72-м годзе. Увесь свядомы час я пражыла тут, зараз я прыязджаю сюды, як у музей. Часта не езджу, бо гэты музей рассыпаецца, і на душы не надта добра. Але я прывезла сюды сына, паказала яму. Кажу: бачыш, хтосьці едзе дадому, да бацькоў, а за мной нічога няма, няма бацькоўскага дому».

«У маёй сяброўкі сын нарадзіўся тут, ён памятае гэтае кола, у яго ж быў пробны запуск, яно працавала. Калі была эвакуацыя, хлопчыку было 2,5 года. Цяпер ён адмыслова купіў тур, каб з жонкай прыехаць, паглядзець. Гэта абышлося ў капеечку, вось што крыўдна», – кажа Святлана Шаўчэнка, яшчэ адная былая жыхарка Прыпяці.

Са словаў дырэктара агенцтва «Чарнобыль тур», якое спецыялізуецца на паездках у зону адчужэння, у мінулым годзе каля АЭС, у Прыпяці ды адселеных вёсках, пабывалі рэкордныя 124 тысячы наведнікаў, а сёлета гэты лік можа перавысіць дзвесце тысячаў. Але рост зацікаўлення выклікае і рост патрэбаў: трэба адкрываць новыя прапускныя пункты, сталоўкі, кансерваваць руіны – у цеснай супрацы з беларускім бокам.

«Развіццё нават толькі ўкраінскага, унутранага чарнобыльскага турызму патрабуе свабоды праезду з чарнобыльскай зоны ў горад Славуціч па тэрыторыі Беларусі. А беларусы зацікаўленыя, каб сваіх чарнобыльскіх турыстаў вазіць да нас на АЭС. Але гэта азначае, што трэба перагледзець міждзяржаўныя дамоўленасці», – кажа Сяргей Мірны.

Акрамя тых, хто едзе ў зону з гідам і прытрымліваецца правілаў перабывання ва ўмовах высокай радыеактыўнасці, расце і колькасць сталкераў. Летась украінскія памежнікі затрымалі 186 парушальнікаў, якія спрабавалі пранікнуць у запаведнік, забыўшыся на забарону ды правілы бяспекі.

Адэля Дубавец belsat.eu

Глядзі таксама