5 чэрвеня – Дзень ушанавання Еўфрасінні Полацкай


Сёння праваслаўная царква ўшаноўвае памяць святой Еўфрасінні, ігуменні Полацкай, заступніцы і апякункі нашай краіны, мецэнаткі ды асветніцы беларускага народу.

Гісторыя захавала пра знакамітую палачанку не вельмі багатыя звесткі, але і яны дазваляюць убачыць агульнаеўрапейскую значнасць ейнай асобы.

«Чалавек, які змог стварыць цэлую інфрастрктуру, пачынаючы з ювелірнай майстэрні, заканчваючы двума манастырамі і перапісам кніг, звязаны з рэлігіяй, але і з асветніцтвам таксама. Гэты момант сведчыць пра тое, што гэта не толькі святая жанчына, але і выдатная арганізатарка», – кажа гісторык Ігар Мельнік.

Еўфрасіння не толькі перапісвала кнігі, вяла шырокую карэспандэнцыю і будавала цэрквы. Яна стваральніца самай легендарнай беларускай святыні – крыжа Еўфрасінні Полацкай. Але сучасныя беларусы пра ейную дзейнасць ведаюць няшмат.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ

«Святая беларуская, а чым займалася – не ведаю».

«Еўфрасіння Полацкая… штосьці гістарычнае, а дакладней не скажу».

«Княгіня была такая, не ведаю, чым займалася».

«Першая асветніца Беларусі, жанчына, якая прынесла сюды культуру і веру, на якіх мы трымаемся ўсе гэтыя стагоддзі».

Пераважна Еўфрасінню Полацкую памятаюць і ўшаноўваюць як першую кананізаваную ўсходнеславянскую святую ўсе хрысціянскія канфесіі. Але гісторыкі лічаць, што асобу Еўфрасінні варта разглядаць шырэй, у грамадскім і сацыяльным кантэксце.

«Калі Праваслаўная царква цяпер пад Маскоўскім патрыярхатам, гэта накладае ўплыў на захаванне памяці, а мы павінныя як у гісторыі, гэтак і ў рэлігіі разглядаць усё з беларускага кантэксту, і тут Еўфрасіння – вельмі класны прыклад таго, як трэба шанаваць беларускае і што звычайны чалавек можа зрабіць, каб Беларусь была беларуская», – кажа гісторык Ігар Мельнік.

З 1992-га года ў Полацку існуе вуліца, а з 2000-га помнік Еўфрасінні Полацкай. Ёсць вуліцы святой у Менску і Слоніме. Для таго ж, каб памяць беларусаў сягала шырэй за словы «асветніца» і «заступніца», патрэбна яшчэ шмат намаганняў.