40 гадоў абрання Папам


«Ня бойцеся!» – гэтымі словамі ў Рыме звярнуўся да вернікаў сорак гадоў таму новаабраны Папа. І гэтымі словамі пачалася цэлая эпоха Яна Паўла Другога.

Кракаўскі мітрапаліт, кардынал Караль Юзэф Вайтыла, папа Ян Павал Другі маральным аўтарытэтам быў не толькі для каталікоў. Менавіта ягонае імя звязваюць з міратворчаю дзейнасцю Касцёлу і яго пакаяннем, а таксама з падзеннем камуністычнай дыктатуры ў краінах Усходняй Еўропы.

Валерый Карбалевіч, палітолаг:

«Найперш гэта стварэнне прафсаюзу «Салідарнасць» у Польшчы і ягоны візіт у Польшчу ў гэтыя часы аказаў вельмі моцны ўплыў на польскае грамадства і каталіцкая царква даволі моцна садзейнічала апазіцыйнаму руху ў Польшчы».

Цягам свайго амаль 27-гадовага кіравання Ян Павал Другі здзейсніў больш за сто пілігрымак у розныя краіны свету.

Менавіта тут, на плошчы Пілсудскага ў Варшаве, Папа Ян Павал Другі сустракаўся з польскімі вернікамі праз год пасля абрання, падчас першага ў гісторыі візіту Папы Рымскага ў краіну камуністычнага лагеру.

А вось да Беларусі пантыфік даехаць не здолеў. Сустрэчы Папы Рымскага з беларускімі вернікамі не жадала Расейская праваслаўная царква. Але менавіта Ян Павал Другі стварыў у нашай краіне паўнавартасную каталіцкую структуру, прызначыў першага ў незалежнай Беларусі каталіцкага біскупа, а пазней – кардынала, павялічыў колькасць дыяцэзіяў.

Юрый Барок, каталіцкі святар:

«Калі беларусы ўпершыню паехалі на аўдыенцыю да Рымскага Папы, то Ян Павал Другі сказаў знаменныя словы, актуальныя да сёння: свабода не даецца, свабода здабываецца».

Ян Павал Другі – першы Папа, які звярнуўся да беларусаў па-беларуску. А вось што памятаюць пра яго менчукі:

«Святы, на сёння, гэта заступнік за нас перад Богам».

«Для мяне настаўнік па жыцці, я чытала многа з таго, што ён пісаў».

«Вялікі ўнёсак у развіццё каталіцызму ў свеце, у прымірэнчыя аспекты паміж праваслаўем і каталіцызмам».

Папа Ян Павал Другі заклікаў вярнуцца да хрысціянства ды шанаваць жыццё, нагадваў аб правах і годнасці чалавека. А ягоны заклік «Не бойцеся!» актуальны будзе яшчэ доўга.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Фота: Bogdan Krezel / Przekroj / FORUM