3 снежня – Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю


Сёння ў свеце адзначаюць дзень людзей з інваліднасцю. Далучыўшыся да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, Беларусь паставіла перад сабой шмат задач. Адна з іх – забяспечыць такім людзям роўныя правы ды інтэграванасць у сацыяльная жыццё. Ці маем у выніку інклюзіўную сераду?

Пасля траўмы Алег Юркоў апынуўся ў інвалідным вазку. Але працягнуў займацца спортам, стварыўшы міжнародную спартакіяду «Залаты леў». У гэтым годзе яна прайшла ўжо 17-ты раз.

«Першапачаткова пытанне стаяла ў тым, каб людзі займаліся спортам, вялі актыўны лад жыцця. Ну, і ў каго ёсць патэнцыял, ішлі далей. Можа быць, у міжнароднікі або параспорт», – распавядае стваральнік спартакіяды «Залаты леў» Алег Юркоў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Алег кажа, што людзям з інваліднасцю трэба шмат праз што прайсці, каб займацца спортам. Важна, пераадолеўшы боль, сабраць усю волю ў кулак і трэнавацца.

«Вось у нас ёсць Лядовы палац, у нас ёсць алімпіец, у нас ёсць зала гімнастыкі, дом спорту, але ўсё гэта не прыстасаванае для заняткаў інваспортам. Даступна, пандус ёсць, але не прыстасавана», – кажа Алег.

Мастак Леанід Сламнюк гэтак жа лічыць, што палітыка інклюзіўнасці ў горадзе адсутнічае. Таму, нягледзячы на ампутацыю абедзвюх ног, ён праводзіць майстар-класы жывапісу ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання.

«Пасля аперацый я адчуў, што хачу быць патрэбным камусьці. І хачу перадаць свой вопыт, свае веды. Да таго ж шмат самотных людзей, якім трэба зносіны, нельга зачыняцца», – распавядае мастак Леанід Сламнюк.

На арт-тэрапію – гэтак мастак назваў свае заняткі – прыходзяць самыя розныя людзі: сталыя, з інваліднасцю ды работнікі цэнтру. Але ж не ўсе гатовыя адразу акунуцца ў творчасць.

«Мы іх пераконваем, нашых наведнікаў, што трэба паспрабаваць і, так скажам, пражыць гэтае маленькае такое жыццё. І пачаць з белага ліста, як гаварыцца, і ў жыцці і ў творчасці. І, вядома, мы бачым станоўчыя зрухі», – тлумачыць загадчыца аддзялення дзённага перабывання для інвалідаў Алена Дзеўбунова.

Але наколькі добра прадуманая прастора для бесперашкоднага перасоўвання ў горадзе?

«Ну вось гэта няправільна, вядома, бо такія людзі не павінны пачувацца недасканалымі».

«Наагул нязручна, я лічу, што ёсць тыя месцы ў горадзе, дзе людзі з інваліднасцю, з абмежаванымі здольнасцямі наагул не могуць перамяшчацца».

«Ну, у нас сёння інтэрнэт, мабільныя тэлефоны, таму можна спусціцца да гэтага інваліда і вырашыць усе пытанні».

«Тут здаровым не вельмі камфортна, калі шчыра. А пра інвалідаў… Вядома, няма, мы жывем на восьмым паверсе, гэта не дай Бог што-небудзь. Ліфты пастаянна ламаюцца. Для здаровых людзей ліфты ламаюцца, а для вазочнікаў, ну, што вы кажаце, не…» – кажуць магілёўцы.

Сёння ў Беларусі жывуць каля 570 тысячаў людзей з інваліднасцю. І правільны пандус на ўваходзе ў краму ці кінатэатр можа значна палепшыць іхнае жыццё.

Дар’я Чульцова belsat.eu