20 гадоў таму быў выкрадзены журналіст Зміцер Завадскі


Зміцер Завадскі пакінуў свой аўтамабіль на стаянцы нацыянальнага аэрапорту «Менск» 7 ліпеня 2000 года. З таго часу журналіста больш ніхто ніколі ня бачыў.

У менскі аэрапорт Зміцер выправіўся сустракаць свайго калегу – журналіста Паўла Шарамета. У беларускім карпункце расейскага тэлеканалу ён працаваў некалькі гадоў, а яшчэ раней Змітра называлі персанальным аператарам Аляксандра Лукашэнкі.

«Дзіма сапраўды быў найвышэйшым прафесіяналам, і менавіта з гэтым асабіста я звязваю ягоны пераход з прэзідэнцкага пулу – сярод журналістаў гэта называецца паркетнай журналістыкай – на карпункт Першага каналу, тады ОРТ. Тут ён бачыў больш магчымасцяў для рэалізацыі», – узгадвае дырэктар БелаПан, былы карэспандэнт «ОРТ» у Беларусі Дзмітрый Наважылаў.

Змітру Завадскаму на момант знікнення было 27 гадоў. У яго засталася жонка Святлана і 9-гадовы сын Юра. Святлана Завадская разам з маці журналіста Вольгай Рыгораўнай напісалі сотні зваротаў, запытаў і хадайніцтваў у праваахоўныя органы аб пошуках Змітра, аднак і праз дваццаць гадоў лёс сына, мужа і бацькі сям’і застаецца невядомым.

«Калі надыходзіць гэты дзень, 7 ліпеня, то не ведаеш, куды сябе падзець. Вяртаюцца ўсе ўспаміны, і ты адчуваеш боль – амаль фізічны. Бо дваццаць гадоў – гэта доўгі час, але ў першыя гады, калі б мне сказалі, што дваццаць гадоў ты нічога не будзеш ведаць, – я б не паверыла ніколі. А зараз мы ўжо маем гэтую дату», – кажа Святлана, жонка Змітра Завадскага.

У 2002 годзе суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Змітра Завадскага чатырох грамадзянаў. Афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка асудзілі на пажыццёвае зняволенне. Курсант Акадэміі МУС Аляксей Гуза атрымаў 25 гадоў турмы, а Сяргей Савушкін ужо адбыў пакаранне. Падставай для выкрадання сталася, нібыта, помста за выкрыццё ўдзелу беларускіх сілавікоў у Чачэнскай вайне. У 2003 годзе зніклага аператара прызналі памерлым, крымінальную справу прыпынілі, але цела Змітра дагэтуль не знайшлі.

«Калі дваццаць гадоў улады не хочуць расследаваць гэтай справы, якая выклікала агромністы рэзананс у нашай краіне і за мяжой, бяздзейнічаюць і пры гэтым нахабна і цынічна хлусяць, гэта з галавой выдае нашую цяперашнюю ўладу як злачынную – і што сапраўды гэтая справа палітычная» – заяўляе кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла.

Сям’я Змітра Завадскага, палітыкі, журналісты і грамадскія актывісты цягам дваццаці гадоў праводзілі акцыі з патрабаваннем да ўладаў расследаваць знікненне журналіста, а таксама палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара ды бізнесоўца Анатоля Красоўскага.

«І ланцугі памяці, і акцыі салідарнасці, і патрабаванні да дзяржаўных органаў, і звароты ў міжнародныя структуры, каб яны ўплывалі на Беларусь, я ўпэўнены, што яны свой уплыў зрабілі. Магчыма, ён не такі бачны, але магчыма, што ўсё ж-такі меншая колькасць нашых калегаў патрапляюць пад ціск. І калі б гэтага пратэсту не было, то сітуацыя, магчыма, была б яшчэ горшай», – мяркуе старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Летась былы спецназавец Юрый Гараўскі заявіў, што ў складзе спецпадраздзялення МУС асабіста браў удзел у палітычных выкраданнях. Ён таксама выказаў меркаванне, што СОБР можа быць датычны і да знікнення журналіста. У Змітра Завадскага няма месца пахавання, таму памяць калегі Беларуская асацыяцыя журналістаў і журналісцкая супольнасць ушанавалі хвілінаю маўчання на сваіх працоўных месцах.

Галіна Абакунчык, «Белсат»