16 асуджаных, 68 абвінавачаных. Судзяць мытнікаў з Ашмянаў


Не дапамагло ні раскаянне, ні кампенсацыя шкоды. Першых 16 фігурантаў гэтак званае справы ашмянскіх мытнікаў асудзілі на турэмныя тэрміны. Менскі абласны суд аднолькава сувора паставіўся да 14-ці асобаў, якія прызналі віну, і тых, хто яе не прызнаў, да тых двух, хто скампенсаваў страты, агулам на $ 140 тыс., і тых, хто гэтага не зрабіў.

Літоўскі бізнесовец Артур Тураеў – асноўны даўца хабару

Ён адзіны, каго сёння адпусцілі на волю. Суд адно забавязаў яго выплаціць штраф памерам 2000 базавых велічыняў.

Найбольшую ж кару панясе імаверны арганізатар злачыннае схемы – былы мытнік Гарнік Сарумянц. Яго асудзілі да 11-ці з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усіх знойдзеных грошай. На момант арышту мужчына ўжо вёў уласны бізнес. Менавіта ў ягонай хаце, у ваннай, падчас вобшуку знайшлі адзін $ 1,8 млн.

«Калі вялікія грошы мільгацяць перад вачыма а заробак жабрацкі і хочацца жыць лепей то выйсця няма. Пасля папярэдніх справаў былі ж пастаўленыя перашкоды антыкарупцыйныя, але ніводная з іх не спрацавала на ашмянскае мытні. Ні відэакамеры не спрацавалі ні забарона на нашэнне валюты, ні права мець цыгарэты толькі з беларускім акцызам…усё роўна бяруць», – зазначыў журналіст «Белгазеты» Віктар Федаровіч.

Як працавала схема?

Паводле следства, з 2010-га да 15-га года частка мытнікаў пад кіраўніцтвам старшыні аддзелу мытнага афармлення і кантролю Гарніка Сарумянца прапускала фуры праз памежны пункт без дагляду. За кожны цяжкавік функцыянеры атрымлівалі $ 200-250. Бізнес быў настолькі паспяховы, што падчас ператрусаў удома ў мытнікаў агулам знайшлі больш за $ 2,2 млн. наяўнымі.

«Перебралі яны… Была ж вярхушка, былі генералы і простыя людзі, якія толькі на працу хадзілі. У генерала знайшлі тры мільёны, а ў астатніх іржавае «Пэжо», сямʼя на руках і дзеці, а ўсё-роўна 6 год», – скардзіцца Руслан, сваяк аднаго з фігурантаў справы.

Пра справу сталася вядома ў 2015-ым годзе

У Ашмянах пачаліся масавыя затрыманні мытнікаў з памежнага пункту «Каменны Лог». Тады справу каментаваў нават кіраўнік краіны.

Пазней справа разраслася. Летась, калі на асобным працэсе на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі кіраўніка Ашмянскае мытні Івана Невяркевіча, падчас слуханняў гучала лічба 58 асобаў, якім былі выстаўленыя абвінавачанні. А таму сённяшні прысуд шаснаццаці фігурантам гэтае справы – толькі вяршыня айсбергу.

Ігар Кулей, «Белсат»