155 год мінула з дня гібелі Кастуся Каліноўскага


Роўна 155 год мінула з дня смерці Кастуся Каліноўскага – выбітнага беларуса, які разам з суайчыннікамі змагаўся «супраць» Расейскай імперыі і «за» аднаўленне шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў – Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага.

А 10:30 на Лукішскім пляцы ў Вільні званы касцёла білі 155 разоў. Столькі гадоў, мінула з дня, калі паліцмайстар зачытаў загад аб вынясенні Кастусю Каліноўскаму смяротнага прысуду. Анатоль Міхнавец, Беларуская нацыянальная памяць:

«Кастусь Каліноўскі – гэта сын беларускага народу, які змагаўся за нашае шчасце і загінуў ва ўзросце 26 гадоў, напісаўшы перад смерцю свой запавет – «Лісты з-пад шыбеніцы», актуальныя да сёння».

Прасякнутыя ідэяй незалежнасці і любові да сваіх каранёў лісты, а таксама зробленыя Каліноўскім пры жыцці маніфесты нашчадніца паўстанцаў Людміла Пяткавічуце вывучала з натхненнем:

«Я асабліва запалілася гэтаю тэмаю, калі была студэнткаю. Гэта было неймавернае адкрыццё. Я ведаю паўстанцкія песні і ўсю гэтую гісторыю. Захапляюся гэтым чалавекам!»

Як ніхто іншы ў нашым мінулым, пераймаўся за сваю зямлю, мову і традыцыі… У гісторыі застаўся беларускім нацыянальным героем, сімвалам змагання за нашую самасвядомасць… Партрэт змагара выдатна апісаў у сваёй кнізе гісторык і краязнаўца Васіль Герасімчык. Аўтар даследчай кнігі «Кастусь Каліноўскі: Асоба і легенда» нагадвае, што паўстанню папярэднічала ліквідавання Уніяцкай царквы і кампанія русіфікацыі:

«На гэтай хвалі Кастусь Каліноўскі выступіў з запаветам, які гучыць і да сёння. І менавіта тыя ідэі, якія ён пакінуў, выклікаюць спрэчку і непрыманне той дзяржаўнаю сістэмаю, якая сёння пануе ў Беларусі».

Дбаюць пра памяць у недзяржаўным сектары. Восенню плануюць перапахаваць знойдзеныя ў 2017 годзе на Гедымінавай гары ў Вільні парэшткі 17 паўстанцаў, сярод якіх і на 95 % ідэнтыфікаваныя Віленскім універсітэтам парэшткі самога Кастуся Каліноўскага.

Беларусы дамагліся, каб побач з польскімі і літоўскімі на шыльдах размясцілі і беларускамоўныя надпісы. Бо выпадае. Аляксандр Адамковіч з Табарыства беларускай культуры ў Літве тлумачыць:

«Па сутнасці, дзякуючы Каліноўскаму і нарадзілася Беларусь, пачалося беларускае адраджэнне ў 19 пачатку 20-га стагоддзя».

Сёння і заўтра ў Вільні, дзе забілі славутага земляка, адбываюцца гістарычныя спатканні, шэсці, зачытванні імёнаў паўстанцаў. Завершыць урачыстасці імша памяці ў Касцёле Святога Барталамея а 18:00.

Юлія Цяльпук, belsat.eu