«14 содняў ні за што». Актывіст Пятро Маркелаў выйшаў на волю


Сустрэць актывіста каля Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску сабраліся каля дваццаці чалавек. Але Маркелава выпусцілі на 2 гадзіны раней, чымся меліся. Адразу пасля выхаду на волю актывіст распавядае, што цяпер адчувае сябе добра.

Але пачаўся адміністратыўны арышт з ціску.

«На трэці дзень мяне закінулі ў камеру такую, дзе знаходзіліся бяздомныя людзі. Яны былі вельмі брудныя, антысанітарныя ўмовы. У аднаго чалавека былі вошы, педыкулёз, немагчыма было знаходзіцца ў той камеры», – наракае ён.

Пятро паскардзіўся на жорсткія ўмовы ўтрымання і запатрабаваў адваката, але таго не пускалі тры дні. Разам з праваабаронцамі Маркелаў будзе скардзіцца на ўмовы ўтрымання.

«Зараз мы направілі скаргу ў пракуратуру, якую Пятро перадаў праз адваката. Таксама мы накіравалі скаргу ў санстанцыю, таксама з просьбай правесці праверку антысанітарных умоваў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Мы актыўна ўжо абскарджваем нядопуск адваката – гэта парушэнне права на абарону», – распавядае прадстаўніца арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Вікторыя Фёдарава, якая супраджала Пятра.

Актывіст лічыць, што ягоны прысуд – гэта спосаб для ўладаў паказаць, што будзе адбывацца з незадаволенымі фальсіфікацыямі.

«Лукашэнка пасля гэтых выбараў сказаў, што ўсіх, хто вымушае стрэсаваць гэтых людзей, трэба пакараць. Выбары для сістэмы – гэта стрэс. Калі выбары прайшлі і назіральнікі з’ехалі, трэба паказаць, хто тут гаспадар», – кажа Пятро.

Сябры Пятра з ініцыятывы «Моладзевы блок» падтрымлівалі актывіста. Яны зладзілі талаку салідарнасці, на якой калектыўна адпраўлялі паштоўкі ды лісты яму, збіралі сродкі, разам з праваабаронцамі хадзілі па інстанцыях.

«Моладзевы блок сваіх не кідае. Гэта неадэкватна, што чалавека пасадзілі на 14 содняў ні за што», – распавядае Стас Шашок, які з актывістаў ініцыятывы «Моладзевы блок».

Пятро Маркелаў быў асуджаны на 14 содняў 9 снежня за тое, што падчас назірання на перадвыбарчым участку патрабаваў пералічыць галасы. Тады яго брутальна затрымалі міліцыянты. А пазней – абвінавацілі ў хуліганстве і непадпарадкаванні службовай асобе пры выкананні.

Ужо праз 4 дні, 27 снежня, Маркелава чакае новы суд за актыўны ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, якая адбылася 7 снежня. Тым не менш, актывіст не губляе надзеі сустрэць Новы год на волі.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu