14 гадоў таму распачалася «Плошча 2006»

Намётавы лагер паўстаў тут – на Кастрычніцкай плошчы Менску – 14 гадоў таму, на знак пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Пратэст быў падаўлены ўладамі, але з таго часу плошчу шмат хто стаў называць імем Кастуся Каліноўскага.

Маці і сын Таццяна і Аляксандр Куўшынавы – колішнія ўдзельнікі паслявыбарчых акцыяў пратэсту 2006 года. Перад 19 сакавіка Аляксандр адмыслова ўзяў тыдзень адпачынку на працы. Але ў выніку ён адбыў пад арыштам дзесяць дзён.

«Чаго табе асабіста не хапае – звяртаецца да мяне адзін з міліцыянтаў. Я кажу – ведаеце, мне асабіста ўсяго хапае, я быў упэўнены, што мой заробак на той момант быў значна вышэйшы за яго. Але я ведаў, што адбываецца ў краіне. І ў мяне не пытанне заробку стаяла, а пытанні свабоды і дэмакратыі турбавалі больш за ўласны заробак», – узгадвае Аляксандр.

Таццяна Куўшынава прыйшла на Кастрычніцкую плошчу падтрымаць Аляксандра. А ў выніку прабыла ў намётавым лагеры ад першага да апошняга дня і атрымала на пяць содняў зняволення больш за сына.

«З’явілася больш людзей, якія зразумелі, што ўсё гэта не справядліва, што так не павінна быць. Я ўжо не ведаю, як павінна быць у нашай краіне, але дакладна не так. Гэта зразумелі і тыя васямнаццацігадовыя дзяўчаты, якія са мной былі, тыя, якія выпадкова патрапілі, гэта зразумелі іх бацькі», – кажа Таццяна.

Намётавы лагер паўстаў 20 сакавіка – на наступны дзень пасля галасавання. Пратэстоўцы не верылі ў праўдзівасць абвешчаных Цэнтрвыбаркамам лічбаў: больш за 82 адсоткі галасоў атрымаў Аляксандр Лукашэнка – і патрабавалі ягонай адстаўкі. У ноч на 24 сакавіка намётавы лагер быў разгромлены, больш за 500 чалавек затрыманыя, а Кастрычніцкую плошчу сталі называць імем Кастуся Каліноўскага.

«Гэта згуляла на дэмаралізацыю ў агульным асяроддзі дэмакратычнага электарату. Мы рабілі папярэднія прагнозы і казалі пра тое, што калі змены не адбудуцца ў 2006 годзе, то гэты рэжым усталюецца надоўга. Гэтыя прагнозы збыліся, і адбылася дэпалітызацыя і дэматывацыя ў значнай часткі актыўнага грамадства», – кажа аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Пратэст не дасягнуў вынікаў, але стаў знакавай падзеяй у змаганні за дэмакратычныя змены ў краіне, мяркуе яшчэ адзін удзельнік тых падзеяў.

«Усе гэтыя змаганні ад 1990-гадоў і праз плошчу 2006 і праз масавыя пратэсты 2010 года – гэта адна вялікая плынь, якая змяняе нашую рэчаіснасць і дзяржаву, у якой мы жывем, не зважаючы на тое, дасягнула яна непасрэднай мэты ці не», – перакананы ўдзельнік пратэстаў Генадзь Вянярскі.

Аляксандр Мілінкевіч – кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі ў 2006 годзе – называе тыя падзеі ўзорам кансалідацыі дэмакратычнай супольнасці.

«Трэба аб’ядноўвацца, і галоўная каштоўнасць – гэта аб’яднанне, а не асобы, хоць калі яны прывабныя – гэта важна. А па-другое, пра што трэба казаць, што калі ты робіш кампанію, то не варта зацыклівацца на Аляксандру Лукашэнку: вось ён дрэнны, а мы добрыя. Вельмі важна паказваць людзям, чаму мы, што кепска, і што мы зробім, каб было лепш», – кажа былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч.

Выбары 2020 года маюць стаць шостай прэзідэнцкай кампаніяй, у якой плануе браць удзел Аляксандр Лукашэнка. Краінай ён кіруе дваццаць шосты год.

Галіна Абакунчык, «Белсат»

Глядзі таксама