110 год са смерці Элізы Ажэшкі


110 год таму адышла ў іншы свет адна з самых славутых гарадзенак – літаратарка Эліза Ажэшка. Яна дапамагала паўстанцам Каліноўскага і славіла ў сваіх творах беларускую зямлю далёка за яе межамі. Пра яе грамадскую дзейнасць і літаратурную спадчыну распавядзе Мікола Дзямідаў.

Пісьменніца, грамадская дзяячка, педагог, мецэнатка і гербарыстка – такой запомніла гісторыя літаратарку Элізу Ажэшку. «Пані Эліза» нарадзілася на Гарадзеншчыне ў сям’і заможнага памешчыка Паўлоўскага ды выхоўвалася ў патрыятычным духу.

«20-гадовай дзяўчынкай, пасля таго як яна ажанілася разам з Пятром Ажэшкам, яна ў родавым маёнтку Пятра стварыла базу для паўстанцаў атраду Траўгута» – адзначае кандыдат гістарычных навук Алесь Радзюк.

За гэта муж Элізы быў пакараны высылкай, яго маёнтак канфіскавалі, а Эліза вярнулася ў бацькоўскі дом. Праз некаторы час яна прадала свой радавы маёнтак Мількаўшчына і ў 1870 годзе перабралася ў Горадню, дзе ўсурʼёз занялася літаратурнай дзейнасцю. Свае творы Эліза пісала па-польску.

«Яна пісала пра гэты край, пра гэту культуру. І яна сябравала з беларускімі пісьменнікамі, то бок, яна са сваёй вышыні ўжо польскай, увогуле сусветнай, яна памагала ім, памагала Багушэвічу. Яна высока цаніла нашу культуру, яна цаніла наша слова» – распавядае пра творчасць Ажэшкі паэтка Данута Бічэль.

У Горадні і нараджаюцца самыя знакамітыя яе творы: «Марта», «З розных сфер», «Нізіны», «Дзюрдзі», «Хам» – сапраўдныя скарбы для даследчыкаў гісторыі беларускага сялянства.

«Яна праслаўляла гэтую зямлю такім чынам. Яна апісвала яе і гісторыю, і больш таго, нават, батаніку. Край гэты, гэты Нёман. Гэтыя ўсе вот зёлкі. Людзей, вобразы людзей. Гэта беларускія людзі былі, пра якіх яна пісала. Іх характар апісвала яна» – рэзюмуе паэтка Бічэль.

Пасля страшнага пажару 1885 года ў Горадні Эліза Ажэшка стварыла дабрачынны фонд насуперак уладам, чым дапамагла сотням гарадзенскіх пагарэльцаў. Стварыла сельскагаспадарчае таварыства, тэатральна-музычнае таварыства «Муза» і апекавалася таленавітай моладдзю. Гісторык Алесь Радзюк дадае:

«Шмат выхадцаў з-пад крыла апекі Элізы Ажэшкі ўнеслі вялікі ўклад у далейшае грамадска-палітычнае жыццё не толькі нашых зямель».

Памерла пані Эліза 18 траўня 1910 года. Яе пахаванне пераўтварылася ў сапраўдную грамадскую маніфестацыю. Развітацца з ёю гарадзенцы прыходзілі сотнямі. У Горадні імя Элізы Ажэшкі носіць вуліца, функцыянуе дом-музей, а ля помніка і ля яе надмагілля на дні нараджэння і смерці заўсёды зʼяўляюцца кветкі.

Мікола Дзямідаў, «Белсат»