Забароненая песня Курдыстану – новы фільм «Белсату»


Спявай, каб змагацца

Лёсы беларусаў і курдаў – вельмі падобныя, але нам пашанцавала: мы ўсё яшчэ маем незалежнасць. Хоць гэтак жа як курды пакутуем ад наступстваў знішчэння нашай інтэлігенцыі. Большасць сённяшніх беларусаў абыякавыя да палітыкі, і праз гэта мы рызыкуем страціць суверэнітэт. Курды ж стагоддзямі змагаюцца за незалежнасць, але дагэтуль яе не маюць.Перадусім гэта вулічныя пратэсты ды ўзброены супраціў, пра якія мы ведаем з выпускаў міжнародных навінаў. Фільм «Забароненая песня Курдыстану» распавядае пра барацьбу з нечаканага боку.

Сяргей Марчык і Конрад Загурскі. Тут і далей – фота з Instagram Сяргея Марчыка

Герой фільму, малады актывіст і былы палітвязень Рамазан Гюнэш, заснаваў Цэнтр курдскай культуры ў горадзе Мазыдагы, што ва Усходняй Турцыі. Ён перакананы: мова і традыцыі – гэтак жа важныя для народа, як і свая дзяржава. І навучае ім дзяцей. У Турцыі курды не маглі карыстацца роднаю мовай з 1930-х да нядаўняга часу.

З такой жа сітуацыяй пасля падзелаў Рэчы Паспалітай сутыкнуліся калісьці беларусы і палякі, гаворыць адзін за аўтараў фільму, польскі дакументаліст Конрад Загурскі (Konrad Zagórski). Паводле яго, менавіта дзякуючы захаванню мовы нашыя народы не зніклі. Праз гэтае падабенства ў гісторыі трох народаў яны з рэпарцёрам «Белсату» Сяргеем Марчыкам і вырашылі распавесці пра курдаў у сваёй стужцы. У Цэнтр курдскай культуры праходзяць заняткі па музыцы і спевах, адсюль – і назва фільму.

У кішэнях змагароў – кантрабандныя айфоны

Ёсць і трэці метад барацьбы, які выкарыстоўваюць курды: яны ашукваюць турэцкую дзяржаву. Напрыклад, крадуць электраэнергію.

«Большасць курдаў карыстаюцца апошняй мадэллю айфона, таму што яны ўвесь тавар прывозяць без падатку. І яны такім чынам таксама выказваюць пратэст», – распавядаў Сяргей Марчык у эфіры праграмы «ПраСвет».

Аднак спакусы зрабіць фільм пра такую своеасаблівую форму пратэсту ў аўтараў не было. «У старажытнасці ніхто не краў энергіі, а дэнгбеж [курдскія «акыны», песняры-імправізатары – рэд.] ужо існавалі, і менавіта дзякуючы ім гэты народ захаваўся, – гаворыць Конрад Загурскі. – Калі б не мова, якая перадавалася ад пакалення да пакалення, і культура, не было б сёння ні курдаў, ні палякаў, ні беларусаў».

Заплюшчыць вочы, панюхаць лімон

Без кадраў вулічных беспарадкаў у фільме не абышлося, але яны, хутчэй, граюць ролю фону. На ўзброеныя пратэсты ў Турцыі курды выходзяць усім горадам. «У нейкі момант усе атрымліваюць смс: збіраемся ў панядзелак, а 10:00 пачынаем пратэст. Увесь горад зачыняецца, нічога не працуе», – зазначае Сяргей Марчык.Гэтак жа зладжана працуе сістэма дапамогі: людзі цягнуць ваду, каб прамываць вочы ад слезацечнага газу, цукеркі, якія лагодзяць яго ўздзеянне.

«Ёсць таксама варыянт нюхаць лімон. Мой калега Конрад пасля першага пратэсту – у яго слёзы цякуць, і хтосьці яму дае гэты лімон – а мы не ведалі, што з ім рабіць, – і ён да вока яе прыкладае, выціскае і – пачынае дзіка крычаць. Уся паліцыя адразу звярнула ўвагу, а ў нас камера… гэта былі першыя нашы сур’ёзныя ўцёкі. Мы столькі звярнулі на сябе ўвагі!» – з усмешкаю ўзгадваў рэпарцёр доўгую (амаль два месяцы) паездку ў Турцыю.

Конрад Загурскі тым часам абдумвае чарговыя рэпартажы: пра сітуацыю курдаў у Іраку і Сірыі.Інга Астраўцова, belsat.eu