Пункт невяртання

Рэжысёр: Гараеўскі Сяргей Год: 2016

Гісторыя пастара царквы «Свет жыцця», які больш за 13 гадоў ужываў цяжкія наркотыкі. Цяпер Аляксандр

Авяр’янаў больш за 10 гадоў жыве без іх і кіруе рухам «Права на жыццё»

Ёсць меркаванне, што былых наркаманаў не існуе. Дактары могуць зняць фізічны аспект залежнасці, але ўва ўсім астатнім медыцына і сучасная псіхалогія бяссільныя. Залежнасць працягвае жыць у розуме, яна можа заснуць на час, але ў любы момант вярнуцца зноў.

Герой рэпартажу, былы гулец моладзевай зборнай СССР па баскетболе, перамог хваробу. 43-гадовы спадар Авяр’янаў сцвярджае, што цалкам вызваліўся ад залежнасці і нават адчувае, што больш ніколі да наркотыкаў не дакранецца. Аляксандр ездзіць па краіне, наведвае турмы і расказвае людзям пра перавагі нармальнага жыцця:

«Мы зарыентаваныя на тых, хто больш не хоча трапляць у папраўчыя ўстановы. Каб сустракаць іх пасля вызвалення, прапаноўваць нашае суправаджэнне, адаптацыю і рэабілітацыю, бо самі мы ўсе былыя».

Сёння ён дапамагае іншым выбрацца з наркатычнае пасткі, распрацаваўшы альтэрнатыўны метад і нават цэлую праграму рэабілітацыі алкаголікаў ды наркаманаў. Дзякуючы гэтаму і канкрэтным станоўчым вынікам дзейнасці руху «Права на жыццё» сёння ў Беларусі адкрытыя 22 рэабілітацыйныя цэнтры.