Міністр замежных справаў Літвы пра БелАЭС і дачыненні Беларусі з НАТО


«Мы будзем імкнуцца да таго, каб БелАЭС не працавала ў будучыні, – заявіў Лінас Лінкявічус, кіраўнік літоўскай дыпламатыі. – Электрастанцыя – гэта праблема не толькі Літвы і Еўразвязу, але і Беларусі». Міністр дадаў, што «ў пытаннях адносін НАТО і Беларусі, Літвы і Беларусі ёсць магчымасці». Пра гэта ў інтэрв’ю Сяргея Пелясы з літоўскім палітыкам. Лінас Лінкявічус сустрэўся з журналістам «Белсату» падчас Атлантычнай рады, на якой збіраюцца міністры замежных справаў краін НАТО, у Бруселі 19–20 лістапада 2019 г.

Праблема БелАЭС – гэта ўжо праблема не толькі Літвы, але і Еўразвязу. Пра гэта кажа нядаўняя заява еўракамісара Ёганэса Гана. Ці гэта праблема для НАТО?

Hавiны
БелАЭС перашкаджае пагадненню паміж Беларуссю і ЕЗ
2019.11.07 19:55

Я дадаў бы, што гэта праблема і для Беларусі – 50 км ад Вільні, 150 км ад Менску. Па сутнасці, не бачу вялікай розніцы. Зыходзячы з традыцыяў культуры будаўніцтва, нас сітуацыя сапраўды насцярожвае. Вы правільна заўважылі, што гэта галаўны боль, нявырашаная праблема, бо станцыя ўжо стаіць. Засталося завезці толькі ядравае паліва, але мы будзем імкнуцца да таго, каб гэтая АЭС не працавала ў будучыні.

На якія праблемы вы звярталі ўвагу на форуме НАТО?

Мы гаварылі пра тыя рашэнні, якія прымаліся на самітах ва Ўэльсе, Варшаве і Бруселі. Тое, што ўжо ўвасабляецца ў жыццё. Мы хочам працягваць гэтую працу. Звяртаем увагу на наш рэгіён, бо калі глядзець на здольнасці і прысутнасць узброеных сілаў з другога боку, то нельга параўноўваць нашую і іх колькасць. Нягледзячы на прапагандысцкія выказванні, рэальная сітуацыя такая, якая ёсць. У нас няма намераў праводзіць гонку ўзбраенняў або нагнятаць сітуацыю. Мы павінны адэкватна рэагаваць на тое, што адбываецца. Таму мы чакаем, што праца будзе працягвацца.

Тэматыка Беларусі не прысутнічае на парадку дня, але ў кулуарах ці на двухбаковых сустрэчах вы звяртаеце ўвагу на праблемы ў адносінах з Беларуссю, а менавіта ў пытанні БелАЭС або, можа, ваеннай бяспекі?

Мы пастаянна пра гэта гаворым – пра станцыю, бяспеку, вучэнні «Захад». Мы абʼектыўна ацэньваем сітуацыю. Думаю, у пытаннях адносін НАТО і Беларусі, Літвы і Беларусі ёсць магчымасці.

Як бы вы ацанілі адносіны з Беларуссю ў сферы бяспекі або нават патэнцыйную пагрозу з боку Беларусі?

Мы з насцярожанасцю глядзім на дыслакацыю розных падраздзяленняў і базаў, напрыклад, у Калінінградскай вобласці мадэрнізаваныя ракеты «Іскандэр», якія могуць пераносіць ядравую зброю. Але я не сказаў бы, што ёсць патэнцыйная пагроза для бяспекі ўжо цяпер. Але патэнцыял нестабільнасці існуе.

Фота: flickr МЗС Літвы

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 29.11.2019

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў