Уладальнік «БелГазеты» памяняў замкі ў рэдакцыі, журналісты не могуць трапіць у офіс


Новы дырэктар выдання Андрэй Бандарэнка напісаў у Facebook, што Кірыл Жываловіч разам з Юрасём Карэтнікавым паралізавалі працу рэдакцыі.

«Ніхто нікога не папярэджваў. Яны прызналіся, што замянілі замкі і ўсё. Сказалі, што каля 14 нехта прыедзе і адкрые дзверы. Больш нічога невядома», – сказаў belsat.eu Андрэй Бандарэнка.

У Кірыла Жываловіча іншы погляд на сітуацыю.

«Гэта няпраўда. Мы як «БелГазета» здымаем адзін пакой. Журналісты даўно ўжо туды не прыходзяць, і гэта практыка не аднаго года. Звычайна там ёсць тры асобы – тэхнічны дырэктар, бухгалтар і кіраўнік аддзелу рэкламы. На фота якраз тэхнічны дырэктар, якую мы папярэдзілі, што сёння яна можа не працаваць. Заўтра мы ўсе з’явімся ў офісе і паразмаўляем з камандай, якая будзе выпускаць нумар. Гэта цяпер галоўнае», – кажа Кірыл Жываловіч.

Паводле Жываловіча, замкі змянілі, бо з офісу зніклі важныя дакументы. Цяпер гэтым займаюцца праваахоўныя органы.

Таксама ён адзначыў, што спадзяецца на канструктыўны дыялог з усімі ўдзельнікамі канфлікту.

«Спадзяюся, нам у перамовах дапаможа БАЖ. Я гатовы адказаць па ўсіх абвінавачаннях маіх апанентаў. У абмене дзярмом я браць удзелу не буду. Галоўнае – знайсці выйсце з няпростай сітуацыі. Не я ініцыятар».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў