Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прызначэнне Станіслава Зася на пасаду генеральнага сакратара АДКБ і падпісаў адпаведны праект Савету калектыўнай бяспекі АДКБ. Аднак у самой арганізацыі кансэнсусу па гэтым пытанні пакуль няма.
«Я раней казаў пра тое, што быў не адзін кандыдат ад Беларусі. Але я спыніўся на прапанове Зася, каб паказаць, калі можна так сказаць, прыклад, што пара нам ужо ў гэтай арганізацыі перайсці ад нейкага фармальнага прызначэння былых, адстаўных генералаў (нічога не хачу дрэннага сказаць пра іх) да дзейных маладых і перспектыўных генералаў, каб надаць значэнне гэтай арганізацыі. Тым больш што мы прызначалі адстаўных генералаў, якія ўжо даўно адышлі ад вайсковай службы, ад палітыкі, але ўсё ж такі гэта ваенна-палітычная арганізацыя», – растлумачыў Лукашэнка сваё рашэнне падчас асабістай сустрэчы з Засям.
Як было заяўлена на сустрэчы з Лукашэнкай, кандыдатуру Зася ўжо падтрымалі кіраўнікі Кыргызстану, Казахстану, Таджыкістану і Расеі.
Між тым, прэс-сакратар сакратарыяту АДКБ Уладзімір Зайнетдынаў заявіў РИА Новости, што рашэнне Рады калектыўнай бяспекі АДКБ аб прызначэнні новага генеральнага сакратара мусяць падпісаць усе кіраўнікі краінаў-чальцоў арганізацыі.
Ерэван пакуль не дае згоды на прызначэнне Зася (нагадаем папярэдні генеральны сакратар АДКБ, прадстаўнік Арменіі Юры Хачатураў быў адкліканы датэрмінова). Прэсс-сакратар прэм’ер-міністра Арменіі Арман Эгаян заявіў, што Ерэван настойвае на тым, каб генеральнага сакратара АДКБ выбіралі шляхам кансэнсусу.
Сам дзяржаўны сакратар Савету Бяспекі Беларусі Станіслаў Зась заявіў БелТА, што статут АДКБ прадугледжвае прыняцце рашэнняў у абмежаваным фармаце, то бок без падтрымання ўсіх чальцоў. Але ён усё ж спадзяецца, што атрымаецца дасягнуць кансэнсусу.
«Гэты варыянт будзе найлепшым і самым карысным для справы. Трэба пераадолець гэтыя рознагалоссі і далей запускаць нармальную працу», – адзначыў Зась.
ІІ, belsat.eu