Не кароўнік, а школа. У Ганцавіцкім раёне даяркам завялі дзённікі, ставяць адзнакі і штрафуюць




Гэтым разам здымачная група «Маю права» накіраваліся ў вёску Кукава Ганцавіцкага раёну. На загад Уладзіміра Грыгарана, дырэктара прадпрыемства «Дубнякі», даяркам пачалі выстаўляць адзнакі за працу. Адзнакі працаўніцы фермы атрымліваюць за якасць надоенага малака. Вось што яны нам распавялі падчас ранішняй дойкі.

«Калі, напрыклад, «чацвёрка», то 10 % здымаецца, «тройка» – мінус 15 % ад заробку. Каб заробку менш выплочваць, такое прыдумаў, – кажа даярка Крысціна Страковіч. – Мы ведаем сваю працу, усё ў нас нармалёва, усё чыстае. А ён усё нешта патрабуе, не ведаю, чаму гэта так».

Марына Раковіч, даярка гаспадаркі «Дубнякі», не згодная, што якасць малака цалкам залежыць ад іхнай працы. Некаторыя парушэнні на ферме яна нават сфатаграфавала на свой тэлефон:

«Ён сказаў (дырэктар ААТ «Дубнякі» У. Грыгаран. – заўв. МП), што ў першую чаргу ўсё залежыць ад даяркі. Але я не згодная, таму што прыходзіць карова, і не ведаеш, з якога боку да яе падыйсці. З яе цячэ. Дойка не працуе. Траса брудная».

Нашая здымачная група намагалася паразмаўляць з дырэктарам «Дубнякоў», каб ён патлумачыў сваю задуму. Але Уладзімір Грыгаран адразу з’ехаў з фермы. Затое Людміла Варган, галоўны заатэхнік прадпрыемства, вінаваціць ва ўсім даярак, што наважыліся нам распавесці пра дырэктарскія адзнакі:

«Вось бачыце, тая, якая вам патэлефанавала, вы былі ў яе ў хаце, яна ўжо а сёмай удома. А тая даярка, якая доіць на новым абсталяванні, да восьмай тут. У чым розніца? Як ты здолела падаіць за дзве гадзіны, а людзі іншыя дояць тры?»

Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага дэмакратычнага саюзу прафсаюзаў, калісьці ачольваў прафсаюз аграпрамысловага комплексу. Ён кажа, што даярка – апошняя асоба ў ланцугу адказнасці за якасць малака. І параіў жанчынам звярнуцца па абарону не толькі да медыяў:

«Я б параіў ім усё ж такі памятаць пра свае правы і звяртацца ў той жа самы прафсаюз і патрабаваць, што нельга так ставіцца да працаўнікоў, да даярак».

Пасля таго, як нашая здымачная група з’ехала з фермы ў вёсцы Кукава, даяркам, якія звярнуліся да нас па дапамогу, пачалі пагражаць звальненнем ды тым, што адбяруць дзяцей. Жанчыны – у стрэсе, але і замоўчваць сітуацыі на ферме яны больш не хочуць. Будзем сачыць за развіццём падзеяў.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Пернікам і бізуном… Беларусы – пра матывацыю на працы
  • Руйнаваць не будаваць… Дзяржаўная праграма давяла вясковую гаспадарку да разбурэння.
  • Адміністрацыйныя гульні… Чальцы таварыства ўласнікаў змагаюцца з чыноўнікамі
  • Ападкі з-пад даху… Жыхары дому на Віцебшчыне не ведаюць, як перажыць зіму

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.