Трэба рыхтавацца да сапраўднай вайны ў Еўропе. «Прасвет» з Алінаю Коўшык


Марскі бой, эканамічная вайна. Чаго дамагаецца Пуцін у Азоўскім моры?

Пасля сутыкнення ў Чорным моры Украіна страціла не толькі тры караблі. 23 маракі застаюцца ў палоне. Расея фактычна блакуе ўкраінскія парты ў Бярдзянску і Марыупалі. Пры гэтым падзеі мінулай нядзелі сталі кульмінацыяй напружанасці вакол Азоўскага мора. Усевалад Шлыкаў.

Лешэк Шэрэпка: «Захад не хоча заўважаць гэтую вайну»

Што яшчэ павінна здарыцца, каб свет расплюшчыў вочы? Падзеі вакол Азоўскага мора абмяркуем з былым амбасадарам Польшчы ў Беларусі і былым намеснікам амбасадара Польшчы ва Украіне Лешэкам Шэрэпкам. Польскі дыпламат цяпер даследчык Цэнтру даследаванняў Усходняй Еўропы варшаўскага ўніверсітэту.

Тэст на цярплівасць. Ёсць расейская акцыя – а дзе заходняя рэакцыя?

Доналд Трамп адмяніў сустрэчу з расейскім прэзідэнтам на саміце ў Аргентыне ў сувязі з падзеямі ў Чорным моры. Хоць усяго за гадзіну да гэтага амерыканскі прэзідэнт заяўляў, што зараз вельмі добры час для спаткання з Пуціным. Гэта, бадай, пакуль найбольш вострая рэакцыя на атаку ў Азоўскім моры. Адказ свету на чарговую расейскую агрэсію збірала Вольга Жарнасек.

Былы амерыканскі дыпламат: «Расейцам трэба ўбачыць, што гэта не канфлікт Расеі з Украінаю»

Не трэба канцэнтравацца на рэакцыі прэзідэнта Трампа ў справе новай атакі Расеі на Украіну. Трэба звярнуць увагу не толькі на тое, што Захад і ЗША скажуць, але і на тое, што на Захадзе зробяць. Пра гэта Сяргей Пеляса паразмаўляў з Рэем Вуйцікам, былым вайсковым аташэ ЗША у Польшчы, кіраўніком Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі ў Варшаве.

Першая прэзідэнтка і апошняя, абраная народам

У чацвер Грузія абрала новага прэзідэнта. Але як толькі Салёмэ Зурабішвілі зойме пасаду, яе паўнамоцтвы звядуцца да прадстаўнічых функцыяў. Вызначаць палітыку краіну будзе ўрад на чале з прэм’ерам. У гэтай кампаніі Грузія развіталася не толькі з прэзідэнцкаю формаю кіравання, але і з Міхэілам Саакашвілі – вярнуцца дадому ён зможа не хутка. Што чакае краіну, якая так яскрава перамагае карупцыю, але не дае рады беспрацоўю, – Дзяніс Дзюба.