Дайце грошай, каб не было расейскай базы




Беларусь у новым дзіўным свеце. Лозунг, пад якім прайшоў Кастрычніцкі эканамічны форум у Менску, паходзіць ад назвы кнігі «Дзіўны новы свет», якую напісаў Олдэс Гакслі амаль 90 гадоў таму. У творы апісаная будучыня, у якой людзі жывуць у адной дзяржаве, і галоўнае там – спажыванне. Якім жа бачаць дзіўны свет беларускай эканомікі ўдзельнікі форуму ў Менску?

Сюрпрызаў не будзе. Гэта, бадай, галоўны лейтматыў выступу беларускага віцэ-прэм’ера на Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Менску. Эканамічны курс Беларусі – прадказаны і прадказальны.

«Адсутнасць сюрпрызаў – найлепшае, што можа прапанаваць дзяржава бізнесу. У сувязі з гэтым нядаўна вельмі дакладна выказаўся кіраўнік дзяржавы. Стратэгічны курс развіцця краіны вызначаны пастановаю Усебеларускага народнага сходу, і гэты курс нязменны», – кажа віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандр Турчын.

Тым, хто мае сумневы, Алясандр Турчын параіў звярнуцца да перадвыбарчай праграмы Аляксандра Лукашэнкі.

«Менавіта ў праграме прэзідэнта, з якой ён ішоў на выбары, ёсць усё. Падкрэсліваю – усё!», – запэўнівае Турчын.

Тое, што добра глядзіцца на паперы, аднак, не заўсёды працуе ў рэальнасці. Прысутны на форуме кіраўнік місіі МВФ адзначыў, што эканамічны рост Беларусі найбольш марудны ў рэгіёне з прычыны неэфектыўнае сістэмы. Замежным партнёрам хоць якую надзею дае ўрад, сфармаваны ўлетку.

«Новы ўрад у Беларусі мае вялікі крэдыт даверу, эканамічны крэдыт даверу. Мы вельмі шчаслівыя з гэтай нагоды. Але мы не маем пункту погляду на палітычную сітуацыю і не каментуем яе», – адзначыў кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду Жак Міньян.

Бо палітычныя сітуацыя наўпрост звязная з кіраўніком Беларусі, які да рэформаў ставіцца калі не варожа, то з вялікаю перасцярогаю. На мінулым тыдні падчас Мюнхенскага форуму бяспекі Аляксандр Лукашэнка выразна акрэсліў сваё бачанне эканамічнай супрацы з Захадам.

«Інтэнсіўная крэдытная і інвестыцыйная супраца спрыяе далейшай мадэрнізацыі нашага прамысловага, аграрнага комплексу – вось што нам патрэбна для ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці, а не проста размовы на гэтую тэму», – заявіў кіраўнік Беларусі.

У перакладзе – грошы наўзамен таго, што ў Беларусі не з’явяцца расейскія вайсковыя базы. Тым не менш, пасля эканамічнага крызісу 7 гадоў таму нават Лукашэнка пайшоў на саступкі ў правядзенні рэформаў. Беларускі ўрад зрабіў больш жорсткаю грашовую і манетарную палітыку, што прывяло да зніжэння інфляцыі і вяртання даверу да Нацыянальнага банку.

«Вядома, існуюць таксама глыбейшыя рэформы, якія мусяць быць праведзеныя. Тут няма нічога новага. Нічога, чаго б МВФ не казаў раней. Гэта штосьці, што мусіць адбыцца. На наш погляд, цяпер добры час, паколькі эканоміка працуе добра. Гэта найлепшы час, каб правесці рэформы», – лічыць Надым Ілягі, старэйшы прадстаўнік МВФ у Цэнтральна-ўсходняй Еўропе.

МВФ і Еўразвяз заклікаюць даць больш свабоды прыватнаму бізнесу і паскорыць рэфармаванне дзяржаўных прадпрыемстваў. На меркаванне экспертаў, новы імпульс беларускай эканоміцы мае даць далучэнне да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. У тым ліку палепшыць супрацу паміж Беларуссю і Еўразвязам.

«Эканамічныя стасункі паміж Еўразвязам і Беларуссю ўвесь час абапіраюцца на вельмі даўні трактат, яшчэ з часоў былой сістэмы. Мне падаецца, што Еўразвяз глядзіць у гэты бок, і далучэнне да Сусветнай гандлёвай арганізацыі з пэўнасцю дапаможа ў гэтай сітуацыі», – мяркуе Пшэмыслаў Кавальскі з Цэнтру сацыяльных і эканамічных даследаванняў (CASE).

Напрыканцы кастрычніка прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас заявіў, што Менск мае намер прыспешыць працу для ўступлення ў СГА і разлічвае далучыцца да арганізацыі ўжо праз два гады.

«Я думаю, што выступ прэм’ер-міністра на мінулым тыдні быў тым, што я заўсёды хацела пачуць. Праз вызначэнне тэрмінаў вы высылаеце сігнал, што вы маеце сур’ёзныя намеры», – кажа дырэктарка дэпартаменту далучэння новых краінаў да СГА Маіка Осікава.

Уступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю мае прынесці Беларусі істотныя эканамічныя карысці. Перспектывы большага доступу на сусветныя рынкі дасць добрую альтэрнатыву рынку ўсходніх суседзяў. Тым не менш эксперты не маюць сумневаў, што ў эканамічным плане Беларусь застанецца моцна звязанай з Расеяй.

«Для Польшчы вельмі важна, каб Беларусь была як найбліжэйшая да Еўразвязу. Але шмат людзей у Польшчы адначасова разумеюць, чаму Беларусь застаецца ў звязе з Расеяй і Казахстанам. Гэта вынікае з пэўнага шляху, які ўлады абралі ў эканамічным развіцці», – тлумачыць Пшэмыслаў Кавальскі.

Пераважна гэтая дарога палягае на доступе да танных расейскіх энергарэсурсаў, якія гарантуюць палітычную стабільнасць. Рэформы для афіцыйнага Менску ўсцяж асацыююцца з рызыкаю зменаў больш глыбокіх. Тым не менш, эканоміка Беларусі адчайна патрабуе рэфармавання. І гэта ўжо разумеюць не толькі замежныя эканамісты, але і беларускі ўрад.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Стужка навінаў