TuzinFM працягвае праект «(Не)расстраляныя»


«(Не)расстраляныя» – ініцыятыва, якая ставіць на мэце вярнуць імёны і творы рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры ў сучасны дыскурс. Ініцыятары праекту падрыхтавалі да друку адмысловую кнігу і музычны CD-дадатак.

Кніга змяшчае ў сабе 18 гісторыяў жыцця рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, больш за сто абраных твораў ды каля сотні архіўных фотаздымкаў, частка з якіх апублікаваная ўпершыню. Да кнігі далучаецца музычны CD-дадатак з песнямі на словы герояў праекту. Большасць твораў упершыню пакладзеныя на музыку.

У стварэнні друкаванага выдання прынялі ўдзел вядомыя даследчыкі літаратуры і культуры Беларусі, якія ўпершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі падрыхтавалі і прачыталі адкрытыя лекцыі пра герояў гэтага праекту. 12 лекцыяў прайшлі летась у кнігарні «Логвінаў». Сёлета таксама запланавана і ўжо праходзіць шэраг лекцыяў у Менску, Горадні, Гомлі, Берасці, Магілёве, Віцебску.

Падтрымаць праект і замовіць сабе кніжнае выданне можа кожны ахвочы на Ulej.by. Пры паспяховай рэалізацыі ініцыятывы, стваральнікі праекту маюць намер стварыць тэатральную пастаноўку паводле аднаго з твораў беларускай літаратуры 1930-х гадоў.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў