Прэзідэнт Арменіі звольніў шасцёх міністраў. Пашыньян пагражае сысці ў адстаўку


Армэн Саркісян падпісаў сёння ўказы аб звальненні шасці міністраў ад партыі «Квітнеючая Арменія» і «Дашнакцутюн».

Напярэдадні яны падтрымалі змены ў рэгламент, якія абцяжарваюць роспуск парламента краіны. Пасля гэтага ў цэнтры Ерэвана прайшоў шматтысячны мітынг прыхільнікаў Ніколы Пашыньяна. Паводле яго, прыняцце законапраекта азначае «афіцыйны пачатак контррэвалюцыі».

Прэм’ер-міністр Арменіі заявіў, што парламенцкія сілы ў выпадку ягонай адстаўкі «прымаюць патрабаванне народа, паважаюць яго і не будуць выстаўляць кандыдатуру на пасаду прэмʼера».

«Мы адзначылі, што неабходна пераадолець ўнутрыпалітычны крызіс. У якасці варыянту, я сказаў, што ў бліжэйшыя дні падам у адстаўку з пасады прэмʼера, і чакаю, што РПА і парламент не будуць раздражняць людзей», – адзначыў ён.

Цяпер праца Нацыянальнага Сходу заблакаваная праз адсутнасць кворуму. У зале прысутнічае 51 са 105 дэпутатаў, а патрэбна 53.

«Мы можам прагаласаваць 53 дэпутатамі, але можам проста праваліць праекты, якія хочам прыняць», – заявіў спікер парламента Ара Баблаян.

Пратэсты выбухнулі пасля таго як Нікол Пашыньян даведаўся пра тэрміновае скліканне пазачарговага пасяджэння па пытанні спрэчных паправак у рэгламент Нацыянальнага Сходу. Паводле прэм’ера, яны значна звузяць магчымасці роспуску парламенту, які неабходны Пашыняну для правядзення пазачарговых выбараў. Палітык лічыць, што выбары трэба правесці ў снежні.

Нікол Пашыньян стаў прэм’ерам у траўні ў выніку маштабных вулічных пратэстаў, якія вымусілі пайсці ў адстаўку прэм’ер-міністра Сэржа Саргсьяна.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў