У Менску міліцыянт прастраліў нагу мужчыне. Той нібыта спрабаваў забраць пісталет


Прэс-служба менскай міліцыі паведамляе, што міліцыянт быў вымушаны страляць у нецвярозага мужчыну, калі той спрабаваў адабраць у праваахоўніка пісталет.

Інцыдэнт здарыўся 1 кастрычніка ў адным з дамоў па вуліцы Мядзёлкі ў Менску. Суседзі выклікалі міліцыю, бо з адной з кватэраў былі чутныя крыкі, а з вокнаў выкідалі бутэлькі.

Паводле прэс-службы ГУУС Менгарвыканкаму, праваахоўнікі засталі сем чалавек нападпітку, у тым ліку двух жанчын. Пазней высветлілася, што ўсе яны раней неаднаразова прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.

Прэс-служба паведамляе, што міліцыянты паспрабавалі супакоіць кампанію, але тыя пачалі паводзіць сябе агрэсіўна і кідацца ў бойку.

«Супрацоўнікі міліцыі неаднаразова папярэджвалі пра магчымае ўжыванне фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў і зброі, але грамадзянаў, што знаходзіліся ў кватэры, гэта не спыніла. Адзін з іх спрабаваў завалодаць табельнай зброяй супрацоўніка міліцыі, з гэтай прычыны былі зробленыя папярэджвальныя стрэлы ў бок, аднак гэтая захада не супакоіла нападніка і міліцыянт быў вымушаны зрабіць адзін стрэл у нагу нападніку», – паведамляе менская міліцыя.

Цяпер шасцёра грамадзянаў знаходзяцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму, а хуліган са скразным раненнем левай галёнкі – у шпіталі. Вядзецца праверка.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў