Менскі прадпрымальнік прыехаў у «Поедем поедим» і пачаў збіваць людзей

Бізнесовец Аркадзь Ізраілевіч адмаўляе, што мае дачыненне да рэстарацыі, якая размешчаная побач з месцам сталінскіх расстрэлаў, але прыехаў сёння туды і напаў на ўдзельнікаў пікету ў абарону Курапатаў.

«А 18-й гадзіне ў рэстарацыю прыехаў Зайдэс. Пасля прыехаў чалавек, які некалькі дзён таму прывозіў у рэстарацыю расейскіх журналістаў. Потым пачалі прыязджаць нейкія людзі ў сталым узросце, але апранутыя як моладзь – у кепках, пінжаках, джынсах, яны выглядалі яе нейкая банда. Пасля іх прыехаў Ізраілевіч. Людзі перагарадзілі яму шлях, і ён кінуўся ў бойку. Спачатку – на Ганну Шапуцьку, каб выбіць у яе фотаапарат, потым з усяго размаху ўдарыў па назе Дзяніса Урбановіча», – распавядае адна з удзельніц абароны Курапатаў, грамадская актывістка Наталля Басылыга.

Паводле Дзяніса Урбановіча, ягоная нага распухла, пайшла кроў. Цяпер актывіст знаходзіцца ў Менскім абласным шпіталі.

«Зрабілі ўкол, сяджу чакаю на рэнтгенаўскі здымак», – кажа Дзяніс Урбановіч.

Здарэнне адбылося пасля папярэдняга разгляду ў судзе Савецкага раёну Менску пазову Аркадзя Ізраілевіча аб абразе гонару і годнасці з-за публікацыяў у тыднёвіку «Новы час» артыкулаў, у якіх гаворка ішла пра тое, што ён мае дачыненне да будаўніцтва рэстарана «Поедем поедим». Рэстаран размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад урочышча Курапаты, дзе ў 1937–1941 гадах праходзілі масавыя расстрэлы.

На сённяшнім паседжанні бізнесовец не прысутнічаў.

«Ён даказвае, што не мае дачынення да рэстарацыі, не прыходзіць у суд, але прыязджае сёння сюды, да брамы «Бульбаш-холу», і спрабуе прабіць шэраг абаронцаў», – дадае Севярынец.

«Ізраілевіч увесь час спрабуе звінаваціць у тым, што мы, маўляў, прыпісваем яму менавіта тое, што ён з’яўляецца ўласнікам «Бульбаш-холу». Што абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. У расследаванні заўжды фігуравала толькі тая інфармацыя, што ён юрыдычна звязаны з уласнікамі», – кажа «Белсату» журналіст Дзяніс Івашын, ад якога прадпрымальнік патрабуе кампенсацыі Br 1000.

Яшчэ Br 40 000 бізнесовец патрабуе ад рэдакцыі «Новага часу». Гэтая сума перавышае гадавую выручку газеты амаль удвая ды ў выпадку станоўчага рашэння суда можа азначаць ліквідацыю «Новага часу».

«Мне не зразумела, якім чынам тое, што ён можа быць датычны да гэтай рэстарацыі, можа ганьбіць яго рэпутацыю? Тым больш што ён сам не адзін раз пасля гэтай публікацыі казаў пра тое, што гэта абсалютна законны рэстаран, што нічога ў гэтым ганебнага няма і гэтак далей», – кажа галоўная рэдактарка газеты Аксана Колб.

Магчыма, судовы разбор дапаможа зразумець, хто ж насамрэч валодае рэстаранам «Паедзем паядзім».

Сёння суддзя запатрабаваў ад Ізраілевіча ўдакладніць свае патрабаванні.

У рэйтынгу парталу «ej.by» Аркадзь Ізраілевіч займае 98-е месца сярод самых уплывовых і паспяховых бізнесменаў краіны.

Наступнае паседжанне адбудзецца 10 верасня.

ДД

Hавiны