Ахоўнік не прапускаў у суд журналістаў – яны мелі занадта доўгі аб'ектыў


23 жніўня ахоўнік суду на Гомельшчыне не пусціў у будынак фрылансэраў са спасылкай на ўнутраную дакументацыю установы.

Журналісты-фрылансэры Кастусь Жукоўскі і Андрэй Толчын не змаглі патрапіць на адкрытае судовае паседжанне ў судзе Акцябраскага раёну Гомельскай вобласці з прафесійнай апаратурай, бо іх не пусціў ахоўнік, які спаслаўся на службовую інструкцыю з пералікам забароненых у судзе прадметаў. Паводле яе, у суд нельга праносіць прафесійныя фота- і відэакамеры з аб’ектывамі даўжэй за чатыры сантыметры.

Пасля патрабаванняў журналістаў паказаць пастанову старшыні суду з забаронай весці відэаздымку падчас адкрытых паседжанняў ахоўнік выклікаў нарад міліцыі.

У выніку журналістам давялося пакінуць апаратуру ў машыне і прайсці ў суд з аматарскай камерай.

У чацвер суддзя Акцябрскага суду Людміла Гормаш пасля разгляду адміністрацыйнай справы блогера Андрэя Павука пакарала яго штрафам у Br 735 паводле артыкулу 22.9 КоАП – за стварэнне рэпартажу для «Белсату», хаця Павук быў героем, а не аўтарам матэрыялу.

«Падставаю для гэтага з’явіўся тэг «Андрэй Павук» на сайце «Белсата». А калі там будзе тэг «Аляксандр Лукашэнка» – значыць ён таксама супрацоўнічае з «Белсатам»?» – здзіўляецца блогер.

ДД

Стужка навінаў