Менск хацеў падмануць Маскву, а можа згубіць $ 2 млрд

Нафтавы ўздым беларускай эканомікі заканчваецца. У першым паўгоддзі сёлета імпарт нафтапрадуктаў з Расеі ў нашую краіну павялічыўся ў паўтара разу. Як падазрае Масква – для нелегальнага рээкспарту. Цяпер Крэмль не толькі патрабуе спыніць гэтыя схемы, але і вымагае кампенсацыю за незаконныя прыбыткі. Колькі грошай можа страціць нашая краіна праз новы нафтагазавы канфлікт з Расеяй, і як гэта адаб’ецца на беларускай эканоміцы?

Чарговы нафтавы канфлікт паміж Масквой і Менскам адбываецца без дыпламатычных скандалаў ды публічных пагрозаў. Вядома пра яго толькі з эпізадычных уцечак службовых дакументаў. Але страты ад гэтага канфлікту, тым не менш, могуць нанесці істотную шкоду айчыннай эканоміцы.

Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, у першым паўгоддзі сёлета Беларусь агулам павялічыла імпарт расейскіх нафтапрадуктаў у паўтара разу. Прычым бензінаў – найбольш дарагога і выгаднага прадукту – ажно ў 5 разоў. Агулам за кошт рээкспарту названых тавараў блізкія да ўладаў кампаніі маглі зарабіць каля 100 мільёнаў долараў. Цяпер Крэмль не толькі патрабуе спыніць гэты бізнес, але і вярнуць нявыплачаныя экспартныя мыты ў расейскі бюджэт. Адмыслоўцы адзначаюць, што знайсці замену гэтым прыбыткам Менску будзе цяжка.

«Здольнасць ураду зарабляць грошы на нечым апрача расейскіх энергетычных прэферэнцыяў, на жаль, выклікае пэўныя сумневы», – адзначае старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Раней паведамлялася, што з мінулага месяца Беларусь перастала атрымліваць ад Расеі плацяжы за рээкспарт сырой нафты. Беларусь можа легальна рээкспартаваць 6 мільёнаў тон расейскай нафты. Але Масква зліквідавала гэты механізм, каб пакараць Менск за нелегальны рээкспарт расейскіх нафтапрадуктаў. Агулам сумарныя страты Беларусі ад нафтавага канфлікту да канца года могуць скласці каля паўмільярда долараў. У якасці дадатковага ціску Расея можа затрымаць яшчэ і выдачу крэдытаў на агульную суму паўтара мільярда долараў.

«Неатрыманне гэтай сумы – гэта будзе дастаткова балюча для Беларусі. Доўг мы працягнем выплочваць. Але гэта прывядзе да адпаведнага – на мільярд долараў – змяншэння ЗВР Беларусі», – каментуе Вадзім Іосуб.

Афіцыйна бакі наяўнасці канфлікту не прызнаюць, але Еўразійскі фонд стабілізацыі ды развіцця затрымаў ужо два траншы з выдзеленага раней крэдыту. Перамовы з Крамлём на гэту тэму вядзе новапрызначаны віцэ-прэмʼер у пытаннях паліўна-энергетычнага комплексу Ігар Ляшэнка, які, на думку некаторых аналітыкаў, прапусціў сваё прызначэнне, бо быў на перамовах у Маскве.

«Намеснік прэмʼер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Васілевіч Ляшэнка. Знаходзіцца ў камандзіроўцы, ён – у курсе справы», – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў суботу падчас прэзентацыі новага складу Саўміну.

Цяперашняя сітуацыя рэгулярна паўтараецца цягам апошніх дзесяці гадоў: Расея змяншае субсідыі Менску, той пагаджаецца на часовую кампенсацыю за гэта, але потым пачынае браць сабе дадатковую кампенсацыю пры дапамозе кантрабанды. Апытаныя намі адмыслоўцы адзначаюць: калі Масква не выдзеліць Менску дадатковай кампенсацыі стратаў ад свайго падатковага манеўру ў нафтавай галіне, завяршэнне гэтай расейскай рэформы пагражае вярнуць Беларусь да стагнацыі або нават рэцэсіі.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu

Глядзі таксама