БТ апублікавала запіс тэлефоннай размовы Марыны Золатавай


На сайце Белтэлерадыёкампаніі з’явіўся запіс размовы галоўнай рэдактаркі TUT.BY Марыны Золатавай з рэдактаркай Ганнай Калтыгінай, у якой нібыта абмяркоўваецца выкарыстанне навінаў з БелТА.

Гэты аудыёзапіс БТ прадставілі ў Следчым камітэце. Час, калі журналістак праслухоўвалі, не ўдакладняецца. Таксама невядома, ці быў у сілавікоў дазвол пракуратуры на ажыццяўленне такога сачэння за Золатавай.

З размовы вынікае, што ў TUT.BY ёсць падпіска на БелТА і часам журналістам не даводзіцца нават заходзіць на сам сайт дзяржаўнага агенцтва. Усю інфармацыю, неабходную для фармавання сваёй стужкі навінаў, TUT.BY мог атрымліваць, маючы гэтую падпіску.

Такім чынам, застаецца незразумелым, у чым менавіта незаконнасць такіх дзеянняў, а таксама навошта спатрэбілася змяшчаць журналістак у ізалятар.

Ключавыя моманты «справы БелТА» па стане на вечар 7 жніўня:

  • Затрыманыя 8 журналістаў і рэдактароў TUT.BY і БелаПАН: Тацяна Каравянкова, Андрэй Серада, Ганна Калтыгіна, Ульяна Бабаед, Марына Золатава, Галіна Уласік, Дзмітрый Бобрык, Ганна Ермачонак;
  • Імаверна, трое з іх цяпер у ЦІП на Акрэсціна;
  • СК распачаў крымінальную справу паводле арт. 349 КК, журналістаў падазраюць у «незаконным доступе» да платнай падпіскі БелТА;
  • БАЖ і праваабаронцы асудзілі пераслед журналістаў і зклікалі неадкладна ўсіх вызваліць;
  • МЗС Беларусі не бачыць у гэтай справе палітычнага складніку;
  • Еўразвяз выказаў заклапочанасць з нагоды арыштаў.

Belsat.eu працягвае сачыць за сітуацыяй.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў