26 траўня ўлады Менску падпісалі з Пекінам пагадненне аб развіцці турызму.
Сталіца Беларусі зацікавілася наладжваннем супрацы з Пекінам у межах развіцця двухбаковага турызму. Пра гэта мэр беларускай сталіцы заявіў падчас сустрэчы з кітайскай дэлегацыяй у гарадской ратушы, падае старонка Менгарвыканкаму.
«Беларуская сталіца геаграфічна размешчаная так, што адсюль лёгка і хутка можна патрапіць у Маскву, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Вільню, Рыгу ці Варшаву. Турысты з Пекіна маглі б сумяшчаць візіт у наш горад з наведваннем суседніх дзяржаў, – заявіў Андрэй Шорац. – Выкарыстоўваючы магчымасці 5-дзённага бязвізавага знаходжання ў Беларусі, нашы госці маглі б таксама атрымаць асалоду ад беларускай гасціннасці».
Прадстаўнікі двух гарадоў падпісалі пагадненне аб супрацы ў галіне турызму і культуры. Для кітайскіх гасцей зарганізавалі таксама экскурсію па ратушы.
«Менск – вельмі прыгожы горад. Беларусь выдатная зялёная краіна з прыгожымі азёрамі. Жыхары Пекіна маглі б пазайздросціць вашай экалогіі», – сказаў віцэ-мэр Пекіну Чжан Гун.
Колькасць турыстаў з Кітаю ў Беларусь стала расце. Калі ў 2012-м Беларусь у складзе арганізаваных турыстычных групаў прыехала 314 чалавек, пазалетась было ўжо 1579.
Летась падчас візіту ў Гонконг беларуская дэлегацыя абмеркавала з «Кітайскім міжнародным турыстычным агенцтвам» праграму «10 000 кітайскіх турыстаў у Беларусі». Прадстаўнікі Кітаю паведамілі, што яны «высока цэняць багатыя турыстычныя рэсурсы Беларусі», уключаючы ваенна-гістарычны турызм, агратурызм, аздараўленчы і экатурызм.
У студзені 2017 года Кітай стаў адной з 80 краінаў, грамадзяне якой могуць наведаць Беларусь без візы да 5 дзён.
У жніўні 2017 года Беларусь і Кітай падпісалі дамову на прыём і абслугоўванне ў Беларусі турыстаў з КНР. Для іх распрацавалі тры экскурсійныя туры: 6-дзённы ў Беларусь, 8-дзённы ў Беларусь і Польшчу, 10-дзённы ў Расею і Беларусь.
На сёння паміж Беларуссю і Кітаем няма прамога авіязлучэння.
ДД