Літоўскае МЗС на сваёй афіцыйнай старонцы ў Twitter размясціла спасылку на старонку сайта Adidas, дзе прадаецца чырвоная жаночая майка з надпісам USSR і гербам Савецкага Саюзу.
«Хварэць на настальгію па імперыі – такое здараецца. Аднак трохі дзівіць, што гэта знакаміты «Аdidas»,– гаворыцца ў паведамленні.
У каментарах большасць людзей абураная тым, што Adidas прадае такое адзенне.
«Што далей? Цішотка са свастыкай?» – запытваецца ў Adidas карыстальнік atradimai.
«Сёння я абіраў паміж Adidas originals і Nike cortez. Дзякуй, Adidas, што дапамаглі мне абраць Nike», – кажа Sigitas Kaciusis.
Адзначым, што ў такіх цішотках у Літву трапіць не атрымаецца. З 2008 году там дзейнічае забарона на савецкую і нацысцкую сімволіку. За такое адзенне на тэрыторыі Літвы могуць прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці, да таго ж могуць выпісаць штраф памерам ад 144 да 289 еўраў.