Вейцман быў наш: Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Ізраіля з гадавінаю незалежнасці


Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Ізраіля Рэўвэна Рыўліна з 70-й гадавінай незалежнасці Дзяржавы Ізраіль і пажадаў ізраільскаму лідару моцнага здароўя ды міру дружалюбнаму народу Ізраіля, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка Беларусі дзяржаўнаму агенцтву belta.by.

«Мне асабліва прыемна адзначыць, што ля вытокаў яго заснавання [Ізраіля. – Заўв. Belsat.eu] стаялі выдатныя выхадцы з беларускай зямлі, сярод якіх быў і першы прэзідэнт Ізраіля – Хаім Вейцман. У свой час наша краіна падтрымала рэзалюцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая зрабіла магчымым стварэнне Дзяржавы Ізраіль», – гаворыцца ў віншаванні.

На тэрыторыі Беларусі нарадзіўся першы (Хаім Вейцман) і трэці (Залман Шазар) прэзідэнт Ізраіля, прэм’ер-міністры Менахем Бегін, Іцхак Шамір, Шымон Перэс, які двойчы займаў гэтую пасаду і быў прэзідэнтам Ізраіля ў 2007-2014 гг., а таксама адзін з піянераў адраджэння іўрыту Эліэзер Бэн-Егуда.

У сваім віншаванні Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што супольныя лёсы беларусаў і габрэяў у мінулым граюць у сучаснасці станоўчую ролю для фармавання атмасферы даверу і ўзаемаразумення ў двухбаковых адносінах, піша belta.by.


Нагадаем, што ў 2007 годзе выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра габрэяў стала прычынаю міжнароднага скандалу.

«Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў. Гэта ў асноўным габрэйскі быў горад, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць, – сказаў Лукашэнка. – Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў. Я ні ў якім разе не хачу іх пакрыўдзіць, але яны не вельмі клапоцяцца, каб падстрыжаная трава была, як у Маскве, у расейцаў, беларусаў».

Тады ізраільскі МЗС абвінаваціў кіраўніка Беларусі ў антысемітызме.

У 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка прапанаваў «узяць усіх габрэяў пад кантроль», маючы на ўвазе кіраўніка TUT.BY Юрыя Зісера.

У 2015 годзе паміж Беларуссю і Ізраілем пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў