Нельга біць дзяцей па азадку. МУС хоча забараніць выхаванне гвалтам


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі хацела б цалкам забараніць ужыванне гвалту ў дачыненні да дзяцей.

«Мы падымалі гэтае пытанне на нацкамісіі па правах дзіцяці. Пазіцыя МУС: трэба нарэшце сказаць адназначна: забаронена ўжываць фізічныя метады ўздзеяння ў дачыненні да дзяцей», – заявіў у інтэрв’ю tut.by кіраўнік упраўлення прафілактыкі міліцыі грамадкай бяспекі МУС Алег Каразей.

Паводле прадстаўніка МУС, цяпер у Законе «Аб правах дзіцяці», які быў прыняты на пачатку 90-ых, утрымліваецца расплывістая фармулёўка.

«Тыя, каму стала вядома аб сітуацыі, калі ў дачыненні да дзяцей ужываецца гвалт, які пагражае іхнаму жыццю, здароўю і развіццю, павінны паведамляць у кампетэнтныя органы», – цытуе закон Алег Каразей. – То бок, у нас закон дапускае: калі гвалт бяспечны, паведамляць ня трэба. Але хто можа сказаць, небяспечны ўдар ці не? Атрымліваецца, што ў нас дзяцей біць можна».

Паводле прадстаўніка МУС, даследаванне 2012 года паказала, што 50 % дзяцей з 5 да 9 гадоў падвяргаюцца псіхалагічнаму ціску, і кожнае другое дзіця пакутуе ад фізічнага гвалту падчас сталення.

Алег Каразей таксама паведаміў, што ў 2018 годзе МУС прадставіць канцэпцыю закону, у якім спіс тых, каго можна абвінаваціць у хатнім гвалце, будзе пашыраны. Законапраект будзе прадугледжваць ўвядзенне ў юрыдычную практыку паняцця «эканамічны гвалт» – забарона на кішэнныя грошы, кантроль расходаў, праверка чэкаў. Таксама будзе ўведзенае паняцце «дамагальніцтва».

ЮВ, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў