У Горадні беларускі афіцэр павесіў у аўце расейскі сцяг, а беларускі схаваў


Афіцэр патлумачыў гэта тым, што так ён «сустракае гасцей з Расеі», якія прыедуць на вучэнні «Захад-2017».

Падпалкоўніка Узброеных сіл Беларусі зняў карэспандэнт Hrodna.life каля Штаба арміі на вуліцы Леніна.

Акрамя сцяга ў вайскоўца ў аўце вісела кепка з надпісам «РОССИЯ».

Расейскія вайскоўцы – ужо ў Беларусі. Некаторыя з іх нават паспелі заявіць, што вучэнні ўжо пачаліся. Афіцыйна манеўры пройдуць 14-20 верасня. Міністэрства абароны абяцае, што да канца верасня расейскія вайскоўцы пакінуць Беларусь.

На адмысловай нарадзе з кіраўніцтвам сілавых структураў Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вучэнні «Захад-2017» не накіраваныя на тое, каб на кагосьці нападаць.

«Мы запрасілі ўсіх ахвотных амаль, няхай прыязджаюць і глядзяць», – казаў Лукашэнка. Агулам прыедуць каля 80 чалавек: з НАТО, ААН, АДКБ, СНД, Чырвонага Крыжа, а таксама прадстаўнікі вайсковых ведамстваў сямі краінаў Еўропы. Ды 150 прадстаўнікоў медыяў. Агульныя лічбы прыгожыя, але ад Паўночна-атлантычнага альянсу ў Беларусь дапушчаныя ўсяго два назіральнікі ды выключна ў гэтак званыя дні наведванняў.

Арганізатары заявілі пра ўдзел у вучэннях 13-і тысяч вайскоўцаў. А таксама 40 адзінак лётнай тэхнікі, 140-а танкаў, 150-і мінамётаў і рэактыўных сістэмаў залпавага агню і 10 караблёў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў