«Белсат» глядзяць 750 000 беларусаў


Вынікі даследавання, якое кампанія Civitta Group SATIO правяла сёлета ў траўні, сведчаць, што 10 % дарослых беларусаў (больш за 750 000) глядзяць «Белсат», кожны трэці беларус ведае пра канал, а нашая аўдыторыя за 3 гады павялічылся ўдвая.

З даследавання таксама вынікае, што «Белсат» часцей глядзяць мужчыны (54,5 %), чым жанчыны (45,5 %). 64,4 % гледачоў «Белсату» – беларусы ва ўзросце ад 25 да 54 гадоў. 42 % гледачоў маюць вышэйшую адукацыю. Найбольшая колькасць гледачоў нашага тэлеканалу – у Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях, а таксама ў Менску. 42,9 % тэлегледачоў жывуць у гарадах з насельніцтвам да 50 000 жыхароў.

Кожны трэці жыхар краіны (32,1 %) ва ўзросце ад 18 гадоў ведае пра існаванне тэлеканалу. У параўнанні з 2014 г. распазнавальнасць брэнду «Белсат» вырасла на 11,4 %.

Ажно 80,2 % гледачоў давяраюць нашаму каналу.



«Белсат» – незалежны беларускамоўны тэлеканал, які ёсць часткаю польскага дзяржаўнага тэлебачання TVP S.A.

Сацыялагічнае даследаванне з 20 да 31 траўня 2017 г. правяла кампанія CIVITTA Group SATIO. У даследаванні ўзялі ўдзел 3004 асобы ва ўзросце ад 18 гадоў. Статыстычная памылка ў даследаванні складае +/- 1,8 %.

SATIO – адна з вядучых даследчых кампаніяў у Беларусі, якая таксама займаецца кансалтынгавымі паслугамі, міжнароднымі адукацыйнымі праектамі ды даследаваннямі рынку.

belsat.eu

Стужка навінаў