Лукашэнка заявіў, што са свабодай СМІ ў Беларусі праблемаў няма


Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што ў Беларусі няма праблем са свабодай СМІ. Пра гэта ён заявіў сёння ў Менску падчас адкрыцця 26-й сесіі ПА АБСЕ, паведамляе прэс-служба прэзідэнту.

«Актыўна развіваецца медыйная прастора Беларусі, на якім прысутнічаюць СМІ розных формаў уласнасці і палітычных поглядаў. Ушчамленне свабоды СМІ, якое нібыта мае месца ў нашай краіне – гэта клішэ з арсеналу мінулага. У стагоддзе інтэрнэту гэта наогул пазбаўлена ўсялякага сэнсу», – сказаў Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, медыяпрастора ў Беларусі актыўна развіваецца: у ёй прадстаўленыя «сродкі масавай інфармацыі розных формаў уласнасці і палітычных поглядаў; Euronews у нас глядзіць кожны грамадзянін».

Лукашэнка адзначыў, што «са СМІ ў нас праблем няма». Паводле яго, «той, хто хоча ведаць пра тое, што адбываецца ў свеце – ведае».

Пра масавы ціск на незалежных журналістаў падчас хвалі рэпрэсій мінулай вясной Лукашэнка ў сваёй прамове не ўзгадваў.

Варта адзначыць, што толькі ў сакавіку-красавіку 2017 году Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала 96 выпадкаў затрымання журналістаў, 6 з іх пацярпелі ад фізічнага гвалту з боку міліцыі, яшчэ 45 патрапілі пад адміністратыўны пераслед.

Паводле спецдакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харасці, ў сакавіку 2017 года беларускія СМІ сутыкнуліся з «надзвычайных ціскам з боку ўладаў» – было зафіксавана 123 выпадкі парушэння правоў журналістаў. «У найбольшай ступені пераследам, затрыманнямі і збіццём з боку міліцыі падвяргаліся журналісты «Белсат TV», –  адзначаецца ў апошнім дакладзе Харасці.

Цягам сёлетняй вясны карэспандэнтаў «Белсату» шматразова затрымлівалі, судзілі і каралі буйнымі штрафамі за асвятленне акцый пратэсту. Агульная сума штрафаў складае прыкладна 9 тысяч долараў. Акрамя таго, агулам нашыя журналісты правялі за кратамі больш за месяц.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў