Лета ў горадзе. Ці можна агаляцца ў грамадскіх месцах?


Спякотнымі летнімі днямі не разбэшчаныя сонцам беларусы намагаюцца выкарыстаць любую магчымасць пазагараць і насыціцца вітамінам D. У гарадскіх парках і скверах, а то і проста на вуліцах можна пабачыць тых, хто не даў рады, або не меў магчымасці даехаць да пляжу. Забароны загараць у грамадскіх месцах няма, але belsat.eu высветліў, што аголены торс або пляжны касцюм у горадзе могуць стаць падставаю для складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкуле 17.1. «Дробнае хуліганства».

Калі загараць у купальніку ў гарадскім парку або скверы, хутчэй за ўсё, за гэта нічога не будзе. Галоўнае – не размахваць рукамі і не лаяцца, або якім-небудзь іншым чынам не парушаць спакой іншых грамадзянаў. Што да знаходжання ў аголеным выглядзе на вуліцах гораду, то тут іншая справа. Асобнага артыкулу ў кодэксах пра гэта таксама няма, але па словах прэс-сакратара ГУУС Менгарвыканкама Аляксандра Ластоўскага, такія паводзіны могуць абурыць грамадскасць.

«Аголены выгляд ў грамадскім месцы не з’яўляецца асабліва частым і праблемным парушэннем, таму не выдзяляецца ў асобны артыкул адміністрацыйнага кодэксу, але гэта можа пераўтварыцца для чалавека ў адміністрацыйны пратакол за відавочную непавагу да грамадства. Наш тэмпературны рэжым і нашыя традыцыі не дазваляюць прыняць знаходжанне ў майтках у метро як норму», – патлумачыў Аляксандр Ластоўскі.

Ён таксама адзначыў, што агаленне мужчыны і жанчыны расцэньваецца па-рознаму. Але прапісаных нормаў, заканадаўчых або маральных, якія часткі цела агаляць прымальна, а якія не, – няма. Абурае знешні выгляд асобы грамадскую маральнасць ці не, вынікае праз канкрэтны погляд на сітуацыю іншых людзей, або ахоўніка правапарадку.

«Усё залежыць ад сітуацыі, бо мужчына з аголеным торсам і жанчына без майкі – гэта розныя рэчы. Агаленне ніжняй часткі цела непрымальна, як для мужчынаў, так і для жанчынаў. А агаленне верхняй часткі цела – трэба глядзець канкрэтную сітуацыю: ці ўзнік канфлікт, што чалавек хоча гэтым сказаць? У залежнасці ад ступені аголенасці, наколькі гэта носіць выклікаючы характар, ці знаходзіцца пры гэтым чалавек у стане алкагольнага апянення, могуць быць прынятыя захады ад заўвагі да складання пратакола», – патлумачыў прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкама.

У метро, як на пляж, не прапусцяць

Тое, што чалавека ў пляжным выглядзе не пусцяць у метро, пацвердзіў і Андрэй Кузьмін, прэсавы сакратар Менскага метрапалітэну, і нават зачытаў адпаведны пункт правілаў перавозкі пасажыраў, які загадвае «не ствараць сваймі дзеяннямі, станам і паводзінамі нязручнасцяў іншым пасажырам», а таксама «не абражаць сваім знешнім выглядам або паводзінамі грамадскую маральнасць».

«З’яўленне ў грамадскім месцы з аголеным торсам можна расцэньваць як паводзіны, якія парушаюць маральнасць. І думаю, што супрацоўнік метрапалітэна мае права патрабаваць у пасажыра апрануць майку або іншае верхняе адзенне і прывесці сябе ў нармальны стан», – кажа Андрэй Кузьмін.

Ён таксама не дапускае, што размова можа весціся пра жанчын. Што датычыцца купальных касцюмаў, то ў метро яны таксама будуць расцэненыя як абуральныя для грамадства.

«Пляжнае адзенне прызначана для пляжу. Мы ж не пляж. Таму калі жанчына з’явіцца ў метро ў купальніку – ёй таксама скажуць прыкрыцца. І я думаю, што гэта правільна, бо існуюць пляжы, спартовыя пляцоўкі, каб хадзіць там у майтках. А ў горадзе, у грамадскім транспарце шмат каму непрыемна бачыць аголенае цела іншых», – распавядае Андрэй Кузьмін.

Зусім асобная справа – нудысты. Для іх няма спецыяльных пляжаў у Менску, і іх уяўленне пра найлепшы спосаб бавіць час пад сонейкам надта адрозніваецца ад агульнапрынятага погляду нашых суайчыннікаў.

«Нудыстам патрэбна ўлічваць той аспект, што з маральнага пункту гледжання ў Беларусі гэта не з’яўляецца прызнанай нормай. Гэта можа выклікаць незадавальненне і канфлікты. У гэтых выпадках умешваецца міліцыя. Калі нормы маралі дазваляюць людзям абурацца паводзінамі іншых, то закон будзе на баку тых, каго гэта абурыла», – патлумачыў Аляксандр Ластоўскі.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Стужка навінаў