У Беларусі выкананы чарговы смяротны прысуд


Расстраляны жыхар Гомля Сяргей Вострыкаву, які быў прысуджаны да вышэйшай меры пакарання ў маі 2016 года па абвінавачванні ў жорсткім забойстве дзвюх жанчын, згвалтаванні і выкраданні.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, смяротны прысуд у дачыненні да 34-гадовага Вострыкава маглі прывесці ў выкананне ў перыяд з 13 па 29 красавіка, паколькі апошні ліст з СІЗА №1, дзе ўтрымліваўся асуджаны да вышэйшай меры, быў датаваны менавіта 13 красавіка, а абласны суд атрымаў паведамленне аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду 29-га. Апроч гэтага 5 красавіка маці дазволілі сустрэцца з сынам у СІЗА. Гэта была іх апошняя сустрэча.

Праваабаронцы не выключаюць, што таксама расстраляны яшчэ адзін асуджаны да смяротнага пакарання – жыхар Мазыра Кірыл Казачак, які быў прызнаны вінаватым у забойстве дваіх уласных дзяцей. Гэтая інфармацыя ўдакладняецца.

У камеры смяротнікаў таксама застаецца жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя, у якога яшчэ есць магчымасць абскардзіць свой прысуд у Вярхоўным судзе.

Увесці мараторый на смяротнае пакаранне афіцыйны Менск неаднаразова заклікалі Еўразвяз, Савет Еўропы і шматлікія праваабарончыя арганізацыі.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў