«Пад скіпетрам Расейскай імперыі». Выйшла кніга пра царскія рэпрэсіі на беларускіх землях


Гарадзенскі гісторык Аляксандр Радзюк упершыню прадставіў публіцы вынікі даследавання самых жорсткіх рэпрэсіяў, якія стасаваліся пры ўладзе Расейскай імперыі.

Вандруючы па Беларусі, амаль у кожным рэгіёне можна сустрэць руіны велічэзных палацаў, рэзідэнцый і маёнткаў. Захапляюць успаміны пра шык і раскошу, у якой жылі беларускія магнаты. Аднак нараджаецца пытанне: куды падзелася былая веліч? Куды падзеліся самыя ўплывовыя прадстаўнікі прывілеяванага стану ў Беларусі?

Гісторык Аляксандр Радзюк

Асноўная частка шляхты былой Рэчы Паспалітай цягам усяго перыяду панавання Расейскай імперыі бунтавалася, не прызнаючы над сабой царскай улады і спрабуючы аднавіць Рэч Паспалітую. Не раз яны браліся за зброю, падымаючы не адно паўстанне, аднак ніводнае з іх не стала пераможным. Пры гэтым, каб суцішыць бунтарскія настроі на адабраных беларускіх землях выкарыстоўваліся самыя розныя формы рэпрэсіяў – ад паліцэйскага нагляду да смяротнага пакарання.

Як піша гісторык Аляксандр Радзюк у сваёй кнізе «Пад скіпетрам Расейскай імперыі», рэпрэсіі былі неадемнаю часткаю той палітыкі, якую праводзіў царызм на землях Беларусі цягам усяго часу іх знаходжання ў складзе імперыі. Гарадзенскі гісторык упершыню даследуе ўсю трагедыю рэпрэсіўнай палітыкі царскіх уладаў, якая стала прычынай знішчэння вялікай людской і культурнай спадчыны Беларусі.

Канфіскацыя маёмасці

Палац Тышкевічаў

Багатыя землі ўсходняй часткі Рэчы Паспалітай былі прынадным кавалачкам для імператрыцы Кацярыны ІІ, аднак закон Расейскай імперыі забараняў канфіскацыю маёмасці. Але, як сцвярджае старая прыказка, закон як дышла: куды павернеш – туды і выйшла. Было вырашана, што на землях, якія захапіла сабе Расейская імперыя, будзе стасавацца закон, які існаваў тут да падзелаў у нормах Статута ВКЛ. А менавіта той закон, які дазваляў канфіскацыю маёмасці за «бунт і ўдзел у ім». Што цікава, падчас другога падзелу Рэчы Паспалітай у Горадні, Кацярына ІІ пачала раздаваць маёнткі нават яшчэ не падпісаўшы трагічны для краіны-суседа дакумент. Такім чынам імператрыца «адарыла» 42 сваіх прыхільніка землямі тых, хто не прынёс прысягу.

Цягам наступных гадоў няспынна вёўся пераслед тых, хто быў прыхільнікам нацыянальна-вызваленчага руху, тых, хто нелегальна перасякаў мяжу, а пазней тых, хто далучаўся да Напалеона. Гэтак напрыклад былі арыштаваныя маёнткі Дамініка Радзівіла, апошняга наўпроставага прадстаўніка роду па нясвіжскай лініі.

Пік рэпрэсіяў у выглядзе канфіскацыі маёмасці прыпадае на 1830-я і 40-я гады, пасля разгромленага Лістападаўскага паўстання. Менавіта тады быў страчаны маёнтак Напалеона Орды ў Варацэвічах, Дом Міцкевічаў, палац Пацаў у Ражанцы, палац Тышкевічаў у Свіслачы. Маёнткі рабаваліся, карціны, бібліятэкі, творы мастацтва і іншыя каштоўнасці вывозілі з краіны. Частка карцін пад кіраўніцтвам самаго імператара папросту спальвалася. Гэта былі карціны з сюжэтамі на гістарычную тэму, якія маглі б выклікаць у гледачоў думкі пра былую веліч Рэчы Паспалітай.

Срэбрны і залаты посуд ішоў на пераплаўку. Гэтак з 20-ці пудоў срэбра вывезенага з палацу Сапегаў у Дзярэчыне быў зроблены алтар у бажніцы Усіх Святых у Пецярбургу. А 14 чорных лебядзей з парку забраў сабе віленскі генерал-губернатар Мікалай Даўгарукаў. Падобны лёс напаткаў сядзібы Пацаў, Тышкевічаў, Замойскіх, Вансовічаў, Плятэраў, Пжэздзецкіх, Валовічаў, Дамейкаў і іншых. Сукупна па Беларусі ў валоданне расейскай скарбніцы перайшло 130 зямельных уладанняў, 85 тысяч душ, але рэальныя маштабы былі нашмат больш значныя.

Ссылкі ў Сібір

Як піша Аляксандр Радзюк, даволі часта гэтую форму пакарання параўноўвалі з дантаўскімі кругамі пекла.

Спачатку арышт і турма. Следства, суд, а пасля чаканне прысуду магло цягнуцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Разам з пераводам у разрад ссыльных, пакараны губляў правы і праваздольнасць да грамадскай і дзяржаўнай службы, да ўдзелу ў выбарах, у яго адбіраліся чыны, узнагародны і тытулы.

Найбольш цяжкая ссылка – на катаргу. Высылалі ў руднікі, крэпасці, на заводы. Практыкавалася таксама ссылка на аселасць (пасяленне), ссылка на жыццё, а таксама аддача ў салдаты.

Шмат залежала ад сацыяльнага становішча, аднак нярэдка самым жорсткім пакаранням падвяргаліся і прадстаўнікі вышэйшага саслоўя. Само адбыванне ссылкі, калі гэта не была катарга, не было такім трагічным. Паколькі маланаселенай Сібіры былі патрэбны добрыя спецыялісты, то адукаваныя шляхцічы маглі займаць і добрыя пасады.

Самай складанай была дарога ў Сібір – функцыянаваў адладжаны механізм, калі пасля паўстання 1830-га года па 300-400 асобаў пешкі, закутыя ў кайданы вязні ішлі пешкі па этапах, кожны дзень пераадольваючы ад 14 да 34 вёрст (15 і 36,2 км адпаведна). На тэрыторыі тагачаснай Беларусі этапы не былі прыстасаваны да такой колькасці людзей, якія не мелі магчымасці адпачыць пасля няспыннага шляху.

Галодныя, закутыя ў кайданы, яны спалі на падлозе ў маленькіх хібарах, мужчыны разам з жанчынамі. Пры тым, што «адпачывальня» была адначасова прыбіральняй. У брудзе разводзіліся вошы і распаўсюджваліся хваробы. Найбольш заможных пад канвоем везлі ў кібітках.

Цялесныя пакаранні

Звычайна ссылка суправаджалася катаваннямі і цялеснымі пакараннямі: пугай, бізуном або нагайкай. Тэрор быў важным складнікам рэпрэсіяў у той перыяд, таму фізічнае пакаранне мела часцей за ўсё публічны характар.

На раскладных эшафотах, якія можна было перавозіць з месца на месца, бунтаўнікоў збівалі. Стасавалася тзв. палітычная (грамадзянская) смерць – калі кат пераломваў публічна на эшафоце меч над галавой асуджанага. Гэты было аўтаматычнай ганьбай і выключэннем гэтага чалавека з прывілеяванага саслоўя.

Каб выцягнуць інфармацыю, людзей катавалі. Тыднямі не давалі спаць. Перад высылкай выпальвалі таўро асобнае для катаржнікаў і асобнае для пасяленцаў. Стасаваліся «шпіцрутэны» – доўгія гнуткія пруты. Асуджанага прымушалі праходзіць праз строй са 100-800 салдат, якія прутамі білі па спіне асуджанага. Часам гэта было завуаляванае смяротнае пакаранне, на прыклад фізічна чалавек не мог вытрымаць 3000 удараў. Аднак такое пакаранне лічылася менш ганебным, чым публічнае збіццё пугай або бізуном.

Смяротнае пакаранне

Смяротнае пакаранне выконвалася або праз расстрэл, або праз павешанне, што лічылася болей ганебным. Да прыкладу імператарскі ўказ ад 22 сакавіка 1831 г. прадпісваў, што ўсіх шляхцічаў і дваранаў, якія будуць схопленыя са зброяй у руках, судзіць ваенна-палявым судом з выкарыстаннем прысуду на месцы, што ў сваю чаргу азначала смяротнае пакаранне.

Аляксандр Радзюк у сваёй кнізе прыводзіць яскравы прыклад, якім чынам адбывалася экзекуцыя. Камандзір зводнай брыгады генерал-маёр Шырман 28 сакавіка 1831 г. разглядаў справу аб імаверным хваляванні сялянаў у Расіенскім уездзе ў маёнтках Агінскага і Ромера. Ён загадаў усіх вінаватых у падбухторванні да бунту расстраляць на месцы. Аднак гэтых захадаў для аднаўлення спакою яму падалося недастаткова: «З ліку схопленых сялянаў адабраць 3-х найбольш вінных, а калі яны ў аднолькавай ступені вінныя…, то па жрэбіі іх таксама расстраляць, але наступным чынам: далучыць да 3-х асуджаных яшчэ 5 чалавек, размясціць іх сярод асуджаных да смерці праз чалавека, завязаць ім вочы…, але пры гэтым захоўваючы адлегласць і асцярожнасць каб стрэлы ружжаў ім не зашкодзілі, і пасля іх, як і іншых сялянаў узорна пакараць нагайкамі».

Увогуле сярод выракаў, вынесеных ваенна-палявым судом, былі такія кваліфікаваныя формы смяротнага пакарання як чвартаванне, калясаванне (калясаваць і на кола пасля іх целы пакласці), пазбаўленне жывата і павешанне.

Апошнім і, напэўна самым вядомым прыкладам ужывання царызмам смяротнага пакарання ў Беларуска-Літоўскім краі ў першай палове ХІХ ст. з’яўляецца экзекуцыя Шымана Канарскага ў 1839-м. З ланцугоў, якія ён быў скуты, вільчане зрабілі ўпрыгожванні, якія разышліся па ўсім краі ў якасці рэліквіяў. Таму паўстанцаў звычайна хавалі патаемна ў невядомых месцах, каб іх магілы не сталі ў выніку месцам паломніцтва.

Пры ўсіх рэпрэсіях, спробах асіміляцыі і русіфікацыі беларуска-літоўскіх земляў у цэлым гэтая палітыка правалілася. Нягледзячы на сотні выдадзеных указаў, выкарыстанне шматтысячнага вайсковага і цывільнага апаратаў кіравання, велізарныя грашовыя выдаткі і стварэнне ідэалагічнага падмурка сваёй дзейнасці, расейскім уладам так і не ўдалося да канца вырашыць так званае «польскае пытанне», папярэдзіць або спыніць нараджэнне і развіццё беларускага нацыянальнага руху. Але былі скалечаныя тысячы лёсаў, абрабаваная ці зруйнаваная культурная спадчына беларускіх земляў, гвалтоўна зменена сацыяльна-палітычная і рэлігійная сітуацыя ў рэгіёне.

Аляксандр Радзюк – кандыдат гістарычных навук, гісторык, супрацоўнік Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэтe.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў