Аляксандру Баразенку прысудзілі 15 содняў. Ён працягне галадоўку (СТРЫМ)


Аператара затрымалі падчас Дня Волі 25 сакавіка.

«Затрымлівалі без гвалту, але я і не супраціўляўся. Ластоўскі вырашыў вызваліць усіх, акрамя мяне. Мяне хочуць судзіць за тое, што я размахваў рукамі і лаяўся. Я буду хадайнічаць, каб паглядзелі відэа, на якім бачна, як я сябе паводзіў. Я выбачаюся перад гледачамі, што не давёў трансляцыю да канца», – кажа Аляксандр Баразенка.

Аляксандра Баразенку пачалі судзіць у Маскоўскім судзе сталіцы а 12:00. Журналіста судзяць паводле артыкула 17.1 за «дробнае хуліганства».

14:57 За Аляксандрам прыехаў канвой. Ён сказаў, што адмаўляецца ад ежы і працягне галадоўку.

«Я чакаў, што мне дадуць штраф, але відавочна, што я камусці наступіў на хворы мазоль. Вярнуся і буду працаваць», – сказаў напаследак Аляксандр Баразенка.

14:54 Суддзя асудзіў Аляксандра Баразенку на 15 содняў.

14:00 Суддзя абвесціла перапынак да 15:00.

13:50 Перапынак скончыўся. Суд даручыў відэа да матэрыялаў справы.

13:27 Павел Вінаградаў, які прысутнічае на судзе, кажа, што гэтая суддзя Матыль разгледжвае ўсе доказы, але ён сумняецца, што Аляксандра Баразенку апраўдаюць.

13:22 Суддзя аб’явіла перапынак на 20 хвілінаў для разгляду хадатайства і прадстаўлення дадатковых матэрыялаў. Аляксандр Баразенка мае відэадоказ свайго затрымання.

13:20 Аляксандр Баразенка выказаў недавер, што менавіта гэтыя сведкі яго затрымлівалі.

«Нічога, акрамя барады, якую яны бачаць цяпер, назваць не могуць».

13:17 Аляксандр Баразенка распавядае пра рэчы, якія былі пры ім падчас затрымання, але паводле сведкаў-амапаўцаў, журналіст нічога пра сабе не меў.

«Я не распісваўся за тое, што мне аддалі рэчы. Мне дазволілі іх узяць з сабою, каб вы дазволілі іх перадаць», – кажа Аляксандр Баразенка.

13:12 Аляксандр Баразенка просіць Міхалевіча назваць брыдкія словы, якія ён нібыта казаў. Міхалевіч адмовіўся, але пагадзіўся напісаць.

13:03 Паказанні дае другі супрацоўнік АМАПу Арцём Міхалевіч.

«Каля дому 22 па вуліцы Казлова ён крычаў і лаяўся, абураўся дэкрэтам № 3. Першапачаткова мы далі папярэджанне. Далей пачаў працягваць гэтыя дзеянні. У канцы мы яго запрасілі ў машыну. Адзінае, што памятаю, гэта барада яго, адзенне не памятаю. Ці махаў рукамі? Было такое», – кажа Міхалевіч.

12:58 Аляксандр Баразенка папрасіў супрацоўніка АМАПу запісаць на паперы тыя брыдкія словы, якія ён нібыта крычаў пры затрыманні. АМАПавец кажа, што яго вучылі не брыдкасловіць. Аляксандр Баразенка запытаў, ці яго вучылі пісаць. Варывончык усё ж напісаў. Журналіст папрасіў дадаць гэтую паперу да матэрыялаў справы.

12:50 Суддзя сышла на абмеркаванне прыгавору.

«Мы можам расцэньваць гэта як мэтанакіраваная акцыя па застрашванню нашых журналістаў», – сказаў афіцыйны прадстаўнік «Белсату» Аляксей Мінчонак.

«У РАУС прыяжджаў Ластоўскі, вызвалілі ўсіх, Шрайбмана, Грыдзіна, але не мяне. Не ведаю, ці гэта асабістая нелюбоў Ластоўскага», – распавядае Аляксандр Баразенка пакуль суддзя пайшла прымаць рашэнне наконт прысуду.

12:48 Аляксандр Баразенка пытае ці Варывончык з Менску.

«Вуліца Казлова і Акадэмія навук у розных месцах».

Суддзя зняла пытанне.

12:39 Паказанні дае амапавец Варывончык.

Сведка з АМАПу Варывончык

Стандартная гісторыя ад сілавіка: Нецэнзурна выражаўся і крычаў, махаў рукамі. Кажа, што нібыта яны яго папярэджвалі, а ён не слухаўся. Таму яго забралі ў аўтазак. Ён нібыта не казаў, што прадстаўнік СМІ.

Затрымалі Аляксандра Баразенку ў раёне Акадэміі навук на вуліцы Казлова.

Радзівончык кажа, што пры ім нічога не было хаця пры Аляксандры Баразенка была камера, штатыў, заплечнік з тэхнікай.

12:25 Паказанні дае Кацярына Андрэева. Яна распавядае, як яны з Аляксандрам працавалі падчас Дня Волі і як дарогу перагарадзіў кардон АМАПУ. Распавядае пра затрыманне Аляксандра Баразенкі.

«Каля «Акіяна» людзей пачалі хаатычна хапаць. Ён не супраціўляўся. Я дакладна ведаю, што ён казаў, што ён журналіст. Я на сто адсоткаў магу сказаць, што ён не лаяўся, ён сказаў, што журналіст».

12:15 Аляксандр Баразенка дае паказанні.

«Мяне апошнім перапісвалі, пад дажджом. Пратакол склалі а 22:00. Мяне пагрузілі ў аўтазак, дзе былі яшчэ 25 асобаў. Мы знаходзіліся там пакуль нас не прывезлі ў РАУС Маскоўскага раёну. Я пытаў у міліцыянтаў ці яны сапраўды хочуць затрымаць супрацоўніка СМІ. Яны станоўча кіўнулі».

12:07 Адвакат просіць, каб сведкай выступіла журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава).

Нашыя карэспандэнты сочаць за сітуацыяй і плануюць стрым з суда.

Ціск на журналістаў і ў рэгіёнах

Пад час акцыі салідарнасці ў Бабруйску ў пастарунку трымалі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, Віктара Масаловіча і Андрэя Шобіна. Пасля содняў за кратамі вызвалілі і гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову, якая асвятляла ўчорашнія падзеі ў Гомлі. Але ўжо заўтра яе выклікаюць у мясцовы суд.

Працоўны тыдзень у сталіцы таксама пачнецца з судоў над Дзянісам Івашыным з «Інформнапалму» і Арцёмам Сізінцавым з «Радыё Рацыя».

У судзе Савецкага раёна будуць судзяць журналістку Марыну Кастылянчанка, якая супрацоўнічае з праваабарончымі арганізацыямі.

У судзе Ленінскага раёна cудзяць журналіста і блогера Рамана Пратасевіча. У чым вінавацяць хлопца – невядома. Пачатак працы суда – 9.00.

Стужка навінаў