Пра гэта ў сваім акаўнце Facebook напісаў Усевалад Сцебурака.
«Асобы з КДБ, што рабілі вобшук уначы на кватэры Алеся, прадʼявілі родным ордэр і сказалі, што Алесь арыштаваны па абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (Крымінальны кодэкс РБ арт 293, частка № 3). Паведамілі, што Пракуратура будзе «ізвешчана» сёння. Паколькі, верагодна, затрыманы ў СІЗА КДБ – перадачаў пакуль не возьмуць. З кватэры ўзялі нешта сімвалічнае. Вярнулі ключы ад машыны, на якой Алесь прыехаў на Кастрычніцкую (месца затрымання)», – напісаў ён.
Алеся Яўдаху скралі невядомыя 21 сакавіка, адразу пасля літаратурнай прэміі «Дэбют», на якой ён прысутнічаў.
Перад затрыманнем у кватэры кнігараспаўсюдніка КДБ правёў ператрус.
«Збіраюць вінаватых пад справу асіповіцка-бабруйскіх лагераў баевікоў. Гэта не содні. Гэта гады і маштаб Эрдаганаўскага «перавароту». Трэба апраўдваць тэрор сілавікоў і вертыкалі. Будуць новыя Кавалевы…», – падсумаваў Усевалад Сцебурака.
У 2012-ым годзе Алеся Яўдаху прызналі вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і прысудзілі год «хатняй хіміі» ды 57 мільёнаў штрафу.
Таксама ўначы стала вядома пра арышт ды жорсткае збіццё аднаго з лідараў колішняга «Белага Легіёну» Міраслава Лазоўскага.
Жорсткія затрыманні людзей з невядомых прычынаў пачаліся пасля заявы Лукашэнкі, што ў Беларусі затрымалі баевікоў са зброяй, якія рыхтавалі правакацыю. Нібыта іхныя лагеры былі пад Бабруйскам, у Польшчы, Украіне і Літве.
ДР belsat.eu