«Дзяўчат хапалі за валасы, цягнулі па асфальце»


Журналістка Любоў Лунёва была сведкаю брутальнага затрымання анархістаў у Менску. У жывым эфіры «Белсату» нашая калега распавядае падрабязнасці.

«Як толькі анархісты зладзілі свой імправізаваны канцэрт з барабанамі каля кінатэатру “Кастрычнік”, каля іх адразу пачалі збірацца міліцыянты ў цывільным – так званая група дакументавання МУС, а потым яшчэ і амапаўцаў цывільны. Увесь час, калі рухалася калона, анархістаў гэтыя людзі акружалі. Гэта было добра бачна, бо яны былі з рацыямі. За анархістамі шлі таксама маці некаторых дзяўчат, што былі ў групе анархістаў».

Журналістка распавядае, што анархісты звярнуліся па дапамогу да іншых мітынгоўцаў з просьбаю, каб іх абаранілі ад міліцыянтаў. Людзі дапамаглі дабрацца да прыпынку, анархісты селі ў тралейбус. «За імі кінуліся амапаўцы, дэманстранты кінуліся бараніць анархістаў. Тралейбус адʼехаў, а я паспела ўскочыць у наступны. На прыпынку “Белая Вежа” той тралейбус спыніўся і яму адразу перакрылі рух чатыры міліцэйскія аўтобусы, з іх выскачылі амапаўцы і пачалося брутальнае затрыманне.

За ўсю сваю журналісцкую практыку я бачыла шмат брутальных затрыманняў і разгонаў, але не такое. Дзяўчат хапалі за валасы, цягнулі па асфальце, у іх задзіраліся курткі. Папросту голай скураю па асфальце! Хапалі таксама людзей за ногі і цягнулі па бардзюрах, па асфальце»,

– распавядае журналістка.

«Да мяне падбегла адна з дзяўчынак, схапілася за руку, на дапамогу прыйшла таксама іншая журналістка. Мы звярнуліся да амапаўца: спыніцеся, не біце іх, не цягніце. На што пачулі, што калі мы дзяўчыну не адпусцім, то яны затрымаюць нас таксама. Падбеглі да нас яшчэ амапаўцы і сілай адарвалі яе і нават не павялі, а таксама збілі з ног і дзяўчыну за валасы», – дадала Любоў Лунёва.

Болей глядзіце ў відэа.

МЛ, belsat.eu