За некалькі гадзінаў да пачатку Маршу недармаедаў у Пінску пад домам мясцовага актывісты Дзмітрыя Сергіевіча зʼявілася міліцэйская машына.
Міліцыянты некалькі разоў званілі ў дамафон, нібыта «памылкова» – каб спраўдзіць, ці Сергіевіч ўдома.
«Пад падʼездам стаіць эскорт, хвілінаў 10 таму званілі ў дамафон. Проста насупраць падʼезду стаў серабрысты «Форд» з антэнамі і зацемненымі вокнамі на задніх дзвярах. Унутры сядзяць прынамсі дзве асобы. Так разумею, што гэта па мяне. Калі выйду на марш, адразу “запакуюць”» – паведаміў belsat.eu Дзмітрый Сергіевіч.
6 сакавіка актывіста выклікалі на размову з міжраённай пракуроркай Людмілай Супрун. Тая афіцыйна папярэдзіла яго пра «недапушчальнасць супрацьпраўных дзеянняў». Зрэшты позвы, якую выпісалі Дзмітрыевічу, былі на БССР-аўскіх бланках.
«Увогуле мне намякнулі, што калі я нават зʼяўлюся на маршы ў суботу, то ў мяне потым могуць быць праблемы», – кажа Дзмітрыевіч.
Актывіст упэўнены, што такімі захадамі ўлады пазбаўляюць яго канстытуцыйнай магчымасці браць удзел у мітынгах ды сходах.
Паводле карэспандэнта belsat.eu у Берасці, міліцыянты заблакавалі мясцовага актывіста Андрэя Шарэнду. Праваахоўнікі дзяжураць пад ягоным домам з учорашняга вечару. Падрабязнасці неўзабаве будуць апублікаваныя на belsat.eu.
МЛ, ЮВ, belsat.eu