Рэвалюцыйны трыумф Brutto на Менск-Арэне. Справаздача «Белсату»

Брыгада рэвалюцыйнага угару і творчага адпору, якой няма калі пісаць занадта разумныя тэксты і рабіць складаныя аранжыроўкі. Так называе сябе рок-гурт «Брутта» Сяргея Міхалка. Напярэдадні ўвечары «Брутта» сабралі залю, якую не кожная поп-зорка асіліць – Менск-Арэну. І ў беларускай сталіцы для тысячаў фанатаў прагучалі рэвалюцыйныя песні.

У Беларусі канцэрт не можа быць проста культурнай падзеяй

У Беларусі канцэрт – гэта індыкатар палітычных працэсаў. За крытыку дыктатуры Лукашэнкі Сяргей Міхалок быў у неафіцыйным «чорным спісе», яму зрывалі выступы і выклікалі ў пракуратуру. Але сёлета, як кажуць, нешта ў лесе здохла – пасля пяцігадовага перапынку Міхалок правёў канцэртны тур па беларускіх гарадах без чыноўніцкіх перашкодаў.

«Я вярнуўся, я ўваскрэс, і ў дом твой пагрукаўся. Адчыняйце дзверы! Да сустрэчы!», – прамовіў лідар «Брутта».

Міхалок даўно не пухляк з апалітычнага «Ляпісу Трубяцкога». Ён лідар гурту «Брутта», адэпт спартовага ладу жыцця і барацьбы супраць слабасці духу. Паказальна, што Міхалок дзеліць мікрафон з Віталём Гурковым, шматкротным чэмпіёнам свету ў тайскім боксе.

На канцэрце 8-га сакавіка Менск-Арэна скакала дзве гадзіны

Некаторыя – пад бел-чырвона-белымі і жоўта-блакітнымі сцягамі. Песня-сімвал Еўрамайдану «Воины света» і песня «Гарры» – гэта не проста музыка, гэта спяваюць украінскія вайскоўцы на фронце неабвешчанай вайны супраць расейскіх баевікоў. Ці магчыма было пачуць такое ў Менску яшчэ год таму? Напярэдадні на галоўнай сталічнай сцэне «Брутта» прадставілі абсалютна новую песню на ўкраінскай мове – «Сабатаж». І неба не абвалілася, і спецназ не павязаў прысутных.

Цяпер Міхалок і «Брутта» ў новым «чорным спісе» – маскоўскім

У Расеі гурт абвінавачваюць у нацыяналізме і падтрымцы Украіны, цяпер расейскія чыноўнікі пішуць у Генпракуратуру заявы на Міхалка.

«Паглядзіце кліпы, паслухайце тэксты, паслухайце песні, і скажыце мне, што ЦРУ не піша Міхалку, не водзіць ягонай рукой, і не памагае яму перабіраць струны», – цвердзіць расейскі прапагандыст Канстанцін Сёмін.

Калі «Брутта» лаюць у Крамлі, значыць, трэба браць. Браць і слухаць

«Армагедон пророчат пигмеи с трусливых обочин. Слышите? Пушки грохочут. Я жив – значит, бой не окончен», – дэкламуе Сяргей Міхалое.

Тур па Беларусі скончаны, пакуль запланаваныя толькі канцэрты «Брутта» ва Украіне ў другой палове года. Але вядома, што першага красавіка гурт прэзентуе свой трэці поўнафарматны альбом.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Глядзі таксама