«Brutto» з новымі песнямі выступіў ў Горадні


Гурт Сяргея Міхалка скарае беларускія гарады

У Горадні адбыўся першы канцэрт у гісторыі гурта.

Сам Сяргей Міхалок апошні раз выступаў тут з папярэднім праектам «Ляпіс Трубяцкі» у 2010 годзе. Жадаючыя паслухаць «Brutto» не пакінулі вольных месцаў у лядовым палацы, дзе адбываўся выступ.

Прэзентавалі гарадзенцам новыя песні

Яшчэ да пачатку канцэрту адзін з фронтмэнаў гурта, спартовец Віталь Гуркоў заявіў:

«Чакаю, што сённяшні канцэрт перасягне ўчорашні, як мінімум, учора было проста супер у Берасці, вельмі класны прыём. І мы расхісталі лядовы палац там. Я ўпэўнены, што тут будзе круцей!»

Зала лядовага палацу была цалкам запоўненая. «Brutto» загралі як свае хіты, так і знакамітыя песні часоў «Ляпісаў», як «Капітал», «Матрошка», «Не быць скотам» ды іншыя. Адметнасць канцэрту надавала духавая секцыя, якая не прысутнічала ў двух першых альбомах гурта. Таксама былі прадстаўлены дзве новыя песні, якія ўвойдуць у новы альбом калектыву – «Рокі» ды «Сабатаж».

«Чэкісты» не давалі махаць сцягамі

Не абышлося і без эксцэсаў. Калі некалькі маладзёнаў спрабавалі разгарнуць беларускі нацыянальны сцяг, то да іх хутка падбеглі два мужчыны ў цывільным ды з рацыямі. Пасля нядоўгай размовы маладзёны схавалі бел-чырвона-белы сцяг. Аднак, праз некалькі песень, хлопцы разгарнулі ўжо ўкраінскі сцяг. Тыя ж самая невядомыя ў цывільным зноў з’явіліся літаральна праз імгненне ды пачалі весці размову з маладзёнамі. Украінскі сцяг таксама давялося схаваць.

Музыкі пачалі спяваць песню «Не быць скотам» і беларускія нацыянальныя сцягі пачалі з’яўляцца зноў дзе-нідзе ў залі, але хутка знікалі пры набліжэнні асоб у цывільным з рацыямі. Іншыя пад гэтую песню запальвалі фаеры.

Падчас выканання «Гары» уся зала стала на калені

Калі загучала песня «Гары», прысвечаная загінулым байцам у зоне АТА ва Украіне, увесь танцпляц стаў на калені, выказваючы сваю павагу гэтым людзям ды спачуванне ўкраінскаму народу, які аказаўся ўцягнуты ў гібрыдную вайну з Расеяй.

«Brutto» дзякавалі гарадзенцам за цёплую атмасферу падчас канцэрту, бубнач кідаў у натоўп палачкі да бубнаў, гітарысты – медыятары. А Гуркоў на развітанне кінуў у натоўп свой ручнік. Аднак, на гэтым выступ не скончыўся: фанаты настолькі шчыра клікалі гурт на біс, што «Brutto» не змаглі адмовіць ды выканалі яшчэ раз песню «Underdog».

Глядзіце таксама:

МД, belsat.eu

Стужка навінаў